Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/09/11/919457_114477/
Дата раздрукоўкі: 24.11.2017 21:29
11.09.2017 09:16 Палітыка, Эканоміка

11—12 верасня Лукашэнка наведае Індыю з афіцыйным візітам

Мінск, 11 верасня. Аляксандр Лукашэнка 11—12 верасня наведае Індыю з афіцыйным візітам. У праграме — перамовы з прэзідэнтам Індыі Рамам Натхам Кавіндам і прэм`ер-міністрам Нарэндрам Модзі. Бакі абмяркуюць развіццё беларуска-індыйскага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, палітычнай, навукова-тэхнічнай і гуманітарнай сферах, у галіне турызму, паведаміла прэс-служба прэзідэнта Беларусі.
На перамовах таксама плануецца абмеркаваць узаемадзеянне Беларусі і Індыі ў фармаце еўразійскай інтэграцыі, новыя магчымасці для інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Бакі абмяняюцца поглядамі па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня.

Гэтымі ж днямі ў Нью-Дэлі пройдзе індыйска-беларускі бізнес-форум, на якім адбудуцца перамовы паміж прадстаўнікамі дзелавых колаў.

Як адзначыў пасол Беларусі ў Індыі Віталь Прыма ў эфіры тэлеканала СТВ увечары 10 верасня, індыйскі рынак — гэта "вялікі рынак з вялікім патэнцыялам", штогод ён прырастае на 7-8%. У Індыі, паводле слоў дыпламата, старанна узважваюць кожнае рашэнне, "вывучаюць яго на магчымасць пошуку альтэрнатыўных партнёраў". "Улічваючы гэтыя факты, мы павінны даказваць нашым індыйскім партнёрам, што мы слушныя, што наша пазіцыя канкурэнтаздольная, а яно так і ёсць, і што мы добрапрыстойныя партнёры", — сказаў пасол.

Ён паведаміў, што зараз на тэрыторыі Беларусі рэалізуюць тры інвестыцыйныя праекты з удзелам індыйскіх фармацэўтычных кампаній, якія дазволяць вырабляць сучасныя лекі як для ўнутранага рынку, так і ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза. У Індыі, паводле інфармацыі Прымы, працуе прадпрыемства па абслугоўванні беларускай кар`ернай тэхнікі, некалькі месяцаў таму было зарэгістраванае першае сумеснае прадпрыемства "Гомсельмаша" і індыйскай кампаніі па прасоўванні і ў далейшым вытворчасці беларускай зерне- і кормаўборачнай тэхнікі.

Пасол дадаў, што апошнім часам у Індыі пачынаюць карыстацца папулярнасцю беларускія цвёрдыя сыры, дзіцячае харчаванне, кандытарскія вырабы.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН