Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/09/11/eu_eu_919503_112589/
Дата раздрукоўкі: 26.09.2017 21:19
11.09.2017 12:47 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Ажубаліс: Пасля адмены санкцый ЕС у Беларусі не стала больш дэмакратыі

Мінск, 11 верасня. Адмова ў выдачы віз літоўскім дэпутатам паказвае, што пасля адмены санкцый Еўрасаюза ў Беларусі не стала больш дэмакратыі. Такое меркаванне выказаў дэпутат літоўскага сейма, былы міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс, выступаючы па відэасувязі з Вільнюса на дыскусіі "Рэгіянальная бяспека і вучэнні "Захад-2017": погляд з Мінска, Вільнюса, Варшавы і Кіева", што праходзіць 11 верасня ў беларускай сталіцы.
8 верасня стала вядома, што пасольства Беларусі ў Літве адмовіла ў выдачы віз Ажубалісу і яшчэ пяці літоўскім парламентарыям: Лаўрынасу Кашчунасу (член камітэта сейма па нацыянальнай бяспецы і абароне), Расе Юкнявічэне (былы міністр абароны), Гінтарасу Сцяпонавічусу, Эгідыюсу Варэйкісу і Рыманце Шалашавічутэ. Яны планавалі ўдзельнічаць у сённяшняй дыскусіі ў Мінску.

"Апошні інцыдэнт з візамі паказвае, што з 2004 года, калі я пяць гадоў з`яўляўся неўязным у Беларусь, у краіне нічога не змянілася", — сказаў Ажубаліс. Кашчунас выказаў здагадку, што беларускія ўлады "чагосьці баяцца".

Як растлумачыў у канцы мінулага тыдня прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, літоўскім парламентарыям адмоўлена ў выдачы дыпламатычных віз, бо мэта іх візіту ў Беларусь не мае ніякага дачынення да дыпламатыі. "Разам з тым ніхто не перашкаджае дэпутатам скарыстацца ўведзеным Беларуссю ў аднабаковым парадку для грамадзян Літвы і яшчэ некалькіх дзясяткаў краін бязвізавым уездам у нашу краіну па агульнаграмадзянскіх пашпартах на тэрмін да пяці дзён цераз нацыянальны аэрапорт сталіцы Беларусі", — дадаў Мірончык.

"Гэта відавочна палітычнае рашэнне, якое мае на мэце так ці інакш сарваць дыскусію па праблеме рэгіянальнай бяспекі вызначаным складам удзельнікаў, — заявіў БелаПАН старшыня Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Іншага тлумачэння я не бачу. Ніхто з дэпутатаў сейма не быў заўважаны ў нейкім радыкалізме. Яны раней прыязджалі ў Беларусь. Не разумею, на якім узроўні прымалася гэтае рашэнне, але скандал выходзіць за межы Беларусі і Літвы, бо дэпутаты ўваходзяць у дэлегацыі розных міжнародных арганізацый, напрыклад у парламенцкія асамблеі АБСЕ і НАТА. Падобныя дзеянні знаходзяцца ў кантрасце з заявамі беларускіх уладаў аб дыялогу з еўрапейцамі".
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН