Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/09/12/919656_456987/
Дата раздрукоўкі: 22.11.2017 21:14
12.09.2017 10:05 Грамадства, Палітыка

Адвакат: Паводле слоў Паўла Грыба, яго вывезлі з Беларусі ў Расію невядомыя

Мінск, 12 верасня. Адвакат Андрэй Сабінін сустрэўся ў СІЗА Краснадара з украінцам Паўлам Грыбам, які ў жніўні знік у Беларусі. Пра гэта Сабінін напісаў на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку".

"Сустрэўся ў СІЗА з Паўлам Грыбам. Выглядае нармальна, але непакоіцца, што без лекаў. Таксама не вырашаныя бытавыя праблемы. Я ж даў падпіску пра нераскрыванне, таму каментаваць сутнасць абвінавачання не маю права. Паводле слоў самога Грыба, ён быў вывезены з Гомеля невядомымі людзьмі і перададзены іншым невядомым, і прыкладна праз пару дзён у Смаленскай вобласці быў аформлены пратакол затрымання. Пасля гэтага дастаўлены ў Краснадар. Як вы ўсе разумееце, у ізалятары ФСБ надглядаюць нават шарыкавую ручку, таму сказанае калі і запісанае, то не мной", — напісаў адвакат.

Пра знікненне 19-гадовага Паўла Грыба заявіў 28 жніўня яго бацька, член грамадскага савета Дзяржпагранслужбы Украіны Ігар Грыб. Паводле яго інфармацыі, 24 жнiўня Павел адправіўся ў Гомель на сустрэчу з дзяўчынай, з якой пазнаёміўся і меў зносіны толькі ў сацсетках. Дзяўчына нібыта павінна была прыехаць на сустрэчу з Расіі.

Павел Грыб планаваў вярнуцца ў той жа дзень. Калі гэтага не адбылося, бацька выехаў на яго пошукі ў Гомель, дзе высветліў, што сын знаходзіцца ў вышуку на падставе арт. 205 Крымінальнага кодэкса РФ (тэрарыстычны акт), а ініцыятарам вышуку з'яўляецца ФСБ Расіі па Краснадарскім краі (горад Сочы). Некаторыя СМІ паведамлялі, што Паўла Грыба перахапілі ў Беларусі і могуць утрымліваць у Краснадары ў мясцовым аддзяленні ФСБ. Пазней кіраўнік Савета бяспекі Украіны Васіль Грыцак таксама выказаў меркаванне, што малады чалавек, хутчэй за ўсё, "знаходзіцца ў руках ФСБ у Расійскай Федэрацыі".

30 жніўня намеснік міністра замежных спраў Украіны Алена Зеркаль абвінаваціла беларускі бок у тым, што ён не супрацоўнічае належным чынам у сітуацыі са зніклым ўкраінцам. Паводле слоў Зеркаль, Беларусь на словах паводзіць сябе як партнёр, а на справе дзейнічае зусім інакш. Наступным днём у МЗС Беларусі быў выкліканы саветнік-пасланец пасольства Украіны Валерый Джыгун. Яму ўказалі на "непрымальнасць выказванняў і бесперспектыўнасць пагроз", што прагучалі з вуснаў Зеркаль.

7 верасня афіцыйны прадстаўнік дэпартамента консульскай службы МЗС Украіны Васіль Кірыліч паведаміў, што Павел Грыб, які знік у Беларусі, знаходзіцца ў Расіі, у краснадарскім СІЗА.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН