Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/09/12/919729_919730/
Дата раздрукоўкі: 26.09.2017 21:21
12.09.2017 16:09 Грамадства, Палітыка

Вядомы адвакат Ганна Бахціна прызнана Мінюстам "недастаткова кваліфікаванай"

Мінск, 12 верасня. Вядомы ў Беларусі адвакат Ганна Бахціна — абаронца аднаго з фігурантаў рэзананснай справы "Белага легіёну" Міраслава Лазоўскага — прызнаная "недастаткова кваліфікаванай". Такое рашэнне прынята кваліфікацыйнай камісіяй па пытаннях адвакацкай дзейнасці Міністэрства юстыцыі падчас нечарговай атэстацыі адвакатаў 12 верасня.
Як паведаміла Ганна Бахціна БелаПАН, на падставе гэтага рашэння ёй пагражае выключэнне з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. "Камісія прыйшла да высновы, што я "не адпавядаю пасадзе адваката і не магу займацца адвакацкай дзейнасцю з-за недастатковай прафесійнай кваліфікацыі". Прытым што ў мяне 13 гадоў пракурорскага стажу і 25 гадоў — адвакацкага", — дадала яна.

Фармальнай падставай для такога рашэння, паводле слоў Бахціной, стала тое, што яна складала дамовы па формах, узоры якіх крыху адрозніваліся ад рэкамендаваных, а не прызнаных абавязковымі Мінюстам. Акрамя таго, гаворка ідзе нават пра граматычныя памылкі ў дакументах, паведаміла Бахціна. "Вядома, я гэта так не пакіну, але на гэта патрэбны час", — заявіла яна.

Рашэнне камісіі Мінюста адвакат лічыць палітычна матываванай "замовай пэўных ведамстваў", звязанай з тым, што яна абараняла блогера Эдуарда Пальчыса і фігуранта справы "Белага легіёну" Міраслава Лазоўскага.

Адвакат паведаміла, што не згодна з рашэннем камісіі і не стала яго падпісваць. "Фактычна гэта пазбаўленне ліцэнзіі, гэта сапраўды зневажальна. Рашэнне будзе перададзена ў Мінскую гарадскую калегію адвакатаў, і мяне звольняць як асобу, якая не адпавядае прафесійнай кваліфікацыі", — мяркуе Бахціна.

Паводле інфармацыі грамадскай актывісткі Ніны Шыдлоўскай, па выніках нечарговай атэстацыі такія рашэнні могуць быць прыняты і ў дачыненні да іншых адвакатаў, якія абараняюць фігурантаў справы "Белага легіёну".

Як паведамлялася раней, 6 верасня беларускія праваабаронцы накіравалі спецдакладчыку ААН па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў Моніцы Пінта зварот, у якім прасілі ўмяшацца ў сітуацыю з націскам на адвакатаў у Беларусі. Яны выказвалі занепакоенасць запланаванай на 12 верасня нечарговай атэстацыяй адвакатаў, якая праводзіцца па выніках праверак Міністэрства юстыцыі.

Паводле звестак праваабаронцаў, атэстацыя закране 25 адвакатаў: 23 — у Мінску і двух — у Магілёве. Акрамя таго, каля 60 адвакатаў чакае чарговая пераатэстацыя, якая праводзіцца раз у пяць гадоў. З іх восем чалавек будуць праходзіць пераатэстацыю ў кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці Міністэрства юстыцыі, а не ў тэрытарыяльных калегіях адвакатаў.

Аўтары звароту таксама адзначалі, што ў Беларусі склалася практыка, калі праверкі ў дачыненні да адвакатаў часта звязаныя з хвалямі рэпрэсій у краіне. Так было ў 2011 годзе, пасля выбараў прэзідэнта, калі Мінюст пазбавіў ліцэнзій шэраг адвакатаў, якія абаранялі экс-кандыдатаў у прэзідэнты і ўдзельнікаў мінскай акцыі пратэсту супраць вынікаў выбараў (у ліку такіх адвакатаў была і Ганна Бахціна, але тады ёй удалося даказаць сваю правату і праз некаторы час вярнуць ліцэнзію. — БелаПАН.).

Праваабаронцы праінфармавалі спецдакладчыка пра тое, што беларускае заканадаўства аб адвакатуры замацоўвае права Мінюста прама ўмешвацца ў дзейнасць адвакатаў. Яны прасілі спецдакладчыка ААН у тэрміновым парадку заклікаць улады Беларусі ўстрымацца ад умяшання ў дзейнасць адвакацкіх калегій і ад націску ў дачыненні да асобных адвакатаў.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН