Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/09/13/919962_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.11.2017 08:33
13.09.2017 17:05 Эканоміка, Фінансы

Кабякоў: Аб`ём аперацый ЕБРР у Беларусі ўжо сёлета можа скласці 200-250 млн еўра

Мінск, 13 верасня. Беларусь нацэленая на пашырэнне супрацоўніцтва і рэалізацыю новых праектаў з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР), заявіў прэм`ер-міністр Андрэй Кабякоў 13 верасня на сустрэчы з прэзідэнтам ЕБРР Сумам Чакрабарці.
"Мы нацэленыя на далейшае развіццё ўзаемадзеяння з ЕБРР і пашырэнне аперацый банка ў Беларусі як за кошт новых напрамкаў і фарматаў сумеснай працы, так і шляхам нарошчвання аб`ёмаў фінансавання па ўжо існуючых праектах", — цытуе Кабякова прэс-служба ўрада.

Прэм`ер нагадаў, што Беларусь працуе з ЕБРР ужо 25 гадоў, за гэты час банкам у развіццё найважнейшых сфер інвеставана больш за 1,9 млрд еўра. З удзелам ЕБРР рэалізаваныя знакавыя праекты, у тым ліку будаўніцтва ў Беларусі заводаў "Штадлер" і "Кранаспан".

"Бягучыя фінансавыя паказчыкі дазваляюць нам з пэўным аптымізмам разлічваць на далейшы рост аб`ёму аперацый ЕБРР у Беларусі, які ўжо сёлета, паводле нашых ацэнак, можа скласці 200-250 млн еўра. З улікам стратэгіі на 2016—2019 гады, у якой зняты "калібраваны падыход", значна пашыраюцца магчымасці банка ў нашай краіне. Ёсць упэўненасць у тым, што і ў дзяржаўным сектары мы таксама можам паказаць паспяховыя прыклады нашай з вамі сумеснай працы і рэалізаваць шэраг знакавых праектаў", — заявіў кіраўнік урада.

Ён удакладніў, што цяпер актыўна вядзецца перадпрыватызацыйная падрыхтоўка арганізацый фінансавага і рэальнага сектараў эканомікі з удзелам банка. "Найбольш значны праект у гэтым кірунку з адным з найбуйнейшых дзяржаўных банкаў ААТ "Белінвестбанк" знаходзіцца ў актыўнай стадыі рэалізацыі, і мы выказваем надзею на паспяховае яго завяршэнне ў намечаныя тэрміны і выкананне ўсіх запланаваных мерапрыемстваў. Мы ўдзячныя ЕБРР за магчымасць прыцягнуць фінансавыя сродкі для капіталізацыі ААТ "Белінвестбанк". Найбліжэйшым часам плануем завяршыць усе неабходныя працэдуры па ўзгадненні гэтага пытання з кіраўніком дзяржавы", — удакладніў Кабякоў.

Прэм`ер-міністр таксама адзначыў дапамогу ЕБРР у падрыхтоўцы да прыватызацыі адкрытых акцыянерных таварыстваў "Крыніца" і "Блакіт". Што тычыцца супрацоўніцтва ў сферы ЖКГ, то праца актыўна прасоўваецца па праектах у водным сектары, распачата падрыхтоўка праектаў у сферы абыходжання з камунальнымі адходамі і энергаэфектыўнасці, дадаў ён.

Акрамя таго, Беларусь ва ўзаемадзеянні з ЕБРР развівае механізмы дзяржаўна-прыватнага партнёрства — пілотны праект па рэканструкцыі аўтамабільнай дарогі М10, удакладніў прэм`ер-міністр.

"У нас з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця склаліся даверлівыя адносіны, мы разлічваем і ў далейшым разглядаць банк як надзейнага партнёра. З боку ўрада хацелася б запэўніць, што мы прыкладзем усе намаганні для замацавання дасягнутых за апошні час станоўчых тэндэнцый у сумеснай працы і дасягнення намечаных мэтаў і задач", — рэзюмаваў Кабякоў.

Сума Чакрабарці ў сваю чаргу канстатаваў добрую дынаміку рэалізацыі праектаў з удзелам ЕБРР у Беларусі. "Змены, якія адбыліся з моманту майго мінулага візіту ў 2015 годзе, — гэта менавіта тое, чаго мы дамагаліся і пра што дамаўляліся на нашай папярэдняй сустрэчы. Мы хацелі адысці ад традыцыйных састарэлых падыходаў і пачаць працаваць з Беларуссю па-новаму", — заявіў ён.

Чакрабарці наведвае Беларусь з 12 па 14 верасня. Падчас яго візіту падпісаныя пагадненне паміж ЕБРР і ЕС аб выдзяленні 6 млн еўра на падтрымку малога бізнесу ў Беларусі, а таксама мемарандумы аб узаемаразуменні ў галіне крэдытавання на мясцовым узроўні для малых і сярэдніх прадпрыемстваў, камерцыялізацыі і карпаратыўнага кіравання дзяржпрадпрыемствамі.

14 верасня Чакрабарці сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН