Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/09/18/920622_12345/
Дата раздрукоўкі: 12.12.2017 01:50
18.09.2017 09:48 Эканоміка, Фінансы

"Ашчадбанк": Рост крэдытавання беларусаў прывядзе да павелічэння імпарту і націску на валютны рынак

Мінск, 18 верасня. Павелічэнне спажывецкага крэдытавання, якое назіраецца ў Беларусі, прывядзе да росту попыту на імпарт, а ў перспектыве — да ўзмацнення націску на валютны рынак, лічаць аналітыкі расійскага "Ашчадбанка".
Аўтары новага эканамічнага агляду, які падрыхтаваў Цэнтр макраэканамічных даследаванняў расійскага "Ашчадбанка", канстатуюць, што зніжэнне працэнтных ставак на грашовым рынку Беларусі, а таксама дазвол выдаваць крэдыты без даведак аб даходах прывялі да павелічэння попыту на спажывецкія крэдыты.

"Ва ўмовах слабага фінансавага стану буйных карпаратыўных пазычальнікаў банкі ссоўваюць крэдытную актыўнасць у сегмент фізічных асоб. Пратэрміноўка ў гэтым сегменце значна ніжэйшая, чым у іншых. Доля праблемнай запазычанасці прыватных кампаній (паводле даных Нацбанка) складае 9%, дзяржкампаній — 5%, а фізічных асоб — усяго 1%", — канстатуюць аналітыкі "Ашчадбанка".

На іх думку, аднаўленне крэдытавання — станоўчая тэндэнцыя, якая сведчыць пра аднаўленне ўнутранага попыту.

"Аднак гэтаму працэсу спадарожнічаюць і пэўныя рызыкі. Доля імпарту ў спажыванні беларусаў застаецца адносна высокай — каля 55% у групе нехарчовых тавараў. Паскарэнне крэдытавання, у сваю чаргу, істотна ўзмацняе попыт на імпартную прадукцыю", — мяркуюць аўтары эканамічнага агляду, які падрыхтаваў Цэнтр макраэканамічных даследаванняў расійскага "Ашчадбанка".

Рост імпарту, лічаць яны, у перспектыве можа прывесці да ўзмацнення націску на валютны рынак.

У сваю чаргу, беларускія эканамісты ў каментары БелаПАН выказалі здагадку, што ўлады пакуль не будуць адміністрацыйна ўмешвацца і абмяжоўваць аб'ёмы спажывецкага крэдытавання.

"Калі звярнуць увагу на гісторыю, адміністрацыйныя меры па абмежаванні спажывецкага крэдытавання прымаліся ў нашай краіне пасля таго, як пагаршалася сітуацыю ў гандлёвым і плацежным балансе. Пакуль, мяркуючы па апошніх звестках, сальда гандлёвага балансу застаецца станоўчым дзякуючы прыкметнаму павелічэнню беларускага экспарту", — адзначыў у каментары БелаПАН старшы аналітык форэкс-брокера "Альпары" Вадзім Іосуб.

Таму, мяркуе ён, дзяржава пакуль не стане адміністрацыйна абмяжоўваць аб'ёмы спажывецкага крэдытавання. Падобнага прагнозу прытрымліваюцца і іншыя эксперты.

"Унутранае спажыванне дзяржава цяпер разганяе, каб дазволіць насельніцтву кампенсаваць зніжэнне ўзроўню дабрабыту ў 2015—2016 гады. Гэта мэтанакіраваная палітычная задача дзяржавы ў 2017 годзе, і таму ў такіх умовах наўрад ці будуць прымацца меры па абмежаванні ўнутранага попыту і, у прыватнасці, спажывецкага крэдытавання", — выказаў меркаванне ў каментары БелаПАН навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН