Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/09/18/920645_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.10.2017 05:16
18.09.2017 10:53 Палітыка, Грамадства

Галоўнаму бухгалтару прафсаюза РЭП Ігару Комліку адмовілі ў змене меры стрымання і пакінулі пад вартай

Мінск, 18 верасня. Галоўны бухгалтар незалежнага прафсаюза РЭП Ігар Комлік абскардзіў меру стрымання, аднак яго пакінулі пад вартай.

Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, 15 верасня суд Партызанскага раёна разгледзеў скаргу Комліка на меру стрымання — утрыманне пад вартай.

У скарзе ён прасіў змяніць меру стрымання, бо лічыць, што яна ўжытая да яго беспадстаўна і ва ўтрыманні яго пад вартай падчас следства няма неабходнасці.

Суддзя Наталля Дзядкова вырашыла, што мера стрымання абраная законна і абгрунтавана, бо Ігар Комлік абвінавачваецца ў цяжкім злачынстве. Яна пакінула рашэнне намесніка генеральнага пракурора без зменаў, а скаргу без задавальнення. У суд абвінавачанага не дастаўлялі.

Абаронца Комліка накіравала скаргу ў Мінгарсуд на рашэнне суда Партызанскага раёна, які прызначыў яе разгляд на 19 верасня.

Комлік знаходзіцца пад вартай ужо больш за месяц. Ён быў затрыманы разам са старшынёй прафсаюза РЭП Генадзем Фядынічам 2 жніўня і дапытаны ў дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Пасля допыту Фядыніча адпусцілі, ён пад падпіскай аб нявыездзе, Комліка затрымалі, ён знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Мінску.

Прафсаюзныя актывісты падазраюцца ў нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры, у дачыненні да іх распачатая крымінальная справа.

Фядыніч распавёў журналістам, што яму назвалі памер невыплачаных падаткаў — 22 тысячы дэнамінаваных рублёў з сумы, атрыманай у 2011 годзе. Пазней справа прафактывіста была перададзеная з КДК ў Следчы камітэт.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі выступілі з сумеснай заявай, у якой заклікалі ўлады спыніць крымінальны пераслед Фядыніча і Комліка. Справу ў дачыненні да кіраўніцтва РЭП праваабаронцы параўналі са справай кіраўніка закрытага ўладамі цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага, якая была распачатая ў 2011 годзе.

Праваабарончыя арганізацыі таксама заявілі, што ў сувязі з утрыманнем Ігара Комліка ў ізаляцыі лічаць яго палітвязнем і патрабуюць неадкладнага вызвалення.

За Фядыніча і Комліка заступіліся міжнародныя прафцэнтры, якія напісалі звароты на імя Аляксандра Лукашэнкі.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН