Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/09/29/922684_201058/
Дата раздрукоўкі: 23.10.2017 05:16
29.09.2017 20:25 Грамадства

Пракуратура Глыбоцкага раёна не знайшла парушэнняў у дзеяннях райвыканкама, які абвясціў каменданцкую гадзіну на час вучэнняў "Захад-2017"

Мінск, 29 верасня. Пракуратура Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці не знайшла парушэнняў з боку райвыканкама, які абвясціў аб увядзенні ў раёне каменданцкай гадзіны на час беларуска-расійскіх вучэнняў "Захад-2017" (14—20 верасня). Гэта вынікае з адказу ведамства на заяву юрыста закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянціна Стэфановіча аб парушэнні службовымі асобамі Глыбоцкага райвыканкама заканадаўства ў частцы незаконнага ўвядзення каменданцкай гадзіны.

"Праверкай па звароце ўстаноўлена, што Глыбоцкім райвыканкамам афіцыйнае рашэнне аб увядзенні каменданцкай гадзіны не прымалася, а размяшчэнне 14 верасня на сайце райвыканкама адпаведнай інфармацыі мела толькі навучальны характар у межах вучэнняў па тэрытарыяльнай абароне і нейкіх абмежаванняў правоў і свабодаў грамадзян не несла", — напісаў пракурор Глыбоцкага раёна Ігар Валынец. На яго думку, падстаў для прыняцця мер пракурорскага рэагавання няма.

У той жа час праваабаронца адзначае, што грамадзяне былі праінфармаваныя аб каменданцкай гадзіне не толькі праз сайт Глыбоцкага райвыканкама, але і праз абвесткі, якія былі развешаныя ў горадзе.

"Я як грамадзянін, калі б прачытаў такую абвестку, палічыў бы, што мне загадана дзейнічаць так, як было там пазначана: не выходзіць на вуліцу без неабходнасці, не перамяшчацца паміж населенымі пунктамі без дакументаў і г. д. Акрамя таго, невядома, як бы развіваліся падзеі, калі б журналісты не звярнулі ўвагу на такое рашэнне і выканкам не адказаў, што ўсё гэта "жарт". Атрымліваецца, што такім чынам службовыя асобы маглі б правесці і іншыя "вучэнні", да прыкладу зрабіць мабілізацыю ўсіх ваеннаабавязаных", — заявіў Стэфановіч.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН