Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/10/09/923897_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.11.2017 21:11
09.10.2017 11:24 Эканоміка

Міністр лясной гаспадаркі Беларусі бярэ ўдзел у еўрапейскай нарадзе па захаванні лесу

Мінск, 9 кастрычніка. Міністр лясной гаспадаркі Беларусі Міхаіл Амельяновіч бярэ ўдзел у міжнароднай нарадзе "Лес 2017. Лясы наша агульнае дабро. Умацаванне ўстойлівага развіцця ў сферы Парыжскага пагаднення", якая 9 кастрычніка праходзіць у Варшаве (Польшча).

Як паведаміла прэс-служба Мінлясгаса, у нарадзе ўдзельнічаюць кіраўнікі лясных ведамстваў еўрапейскіх дзяржаў — членаў ААН. У фармаце круглага стала эксперты абмяркуюць шэраг актуальных пытанняў міжнароднага парадку дня ў галіне лясной гаспадаркі, у тым ліку ўмацаванне ўстойлівага развіцця ў святле Парыжскага пагаднення па змяненні клімату.

Чакаецца, што падчас нарады Амельяновіч раскажа пра дасягненні лясной гаспадаркі Беларусі, аб айчынным вопыце барацьбы з усыханнем насаджэнняў і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў ў лясным фондзе. Акрамя таго, запланаванае правядзенне перамоў аб дасягненні мэтаў устойлівага развіцця ў галіне лясной гаспадаркі.

Як адзначыла прэс-служба, за апошнія гады Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі значна пашырыла ўзаемавыгадныя кантакты з профільнымі міжнароднымі арганізацыямі. Сярод іх — Еўрапейская эканамічная камісія ААН, Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН (ФАО), Сусветны банк, Глабальны экалагічны фонд і іншыя.

"Удзел міністра лясной гаспадаркі Беларусі ў нарадзе такога высокага ўзроўню яшчэ раз пацвярджае прыхільнасць нашай краіны да прынятых прынцыпаў захавання, устойлівага развіцця і рацыянальнага выкарыстання лясоў, будзе спрыяць умацаванню патэнцыялу міжнароднага супрацоўніцтва, прыцягненню інвестыцый у лясны сектар краіны", — лічаць у міністэрстве.

Паводле звестак ведамства, з 1994 года лесапакрытая плошча павялічылася на 832,5 тыс. га з 7 млн 371,7 тыс. га да 8 млн 672,1 тыс. га; лясістасць тэрыторыі краіны дасягнула 39,5% (павялічылася на 4 працэнтныя пункты); агульны запас драўніны на пні павялічыўся на 621,1 млн куб. м і склаў 1 млн 714,3 млн куб. м; запас на 1 га пакрытых лесам земляў узрос на 61 куб. м і склаў 209 куб. м на 1 га; запас спелых і перестойных насаджэнняў узрос на 43 куб. м і дасягнуў 256 куб. м на 1 га; сярэдні ўзрост насаджэнняў павялічыўся з 44 да 54 гадоў.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН