Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/10/09/923911_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.10.2017 05:14
09.10.2017 11:46 Эканоміка, Грамадства, Культура

У Маскве пройдуць Дні Мінска

Мінск, 9 кастрычніка. Дні Мінска пройдуць у Маскве 10—11 кастрычніка, паведаміла прэс-служба пасольства Беларусі ў Расіі.

Як адзначылі ў дыппрадстаўніцтве, "цеснае супрацоўніцтва паміж двума гарадамі вядзецца з 2012 года, з таго часу ў сталіцы Расійскай Федэрацыі на пастаяннай аснове праходзяць Дні Мінска, а ў сталіцы Беларусі — Дні Масквы". Таксама ў пасольстве адзначылі, што Масква займае першае месца ў агульным аб'ёме экспарту тавараў мінскіх прадпрыемстваў у Расію.

11 кастрычніка ў Дзелавым і культурным комплексе пасольства пройдзе Форум дзелавога супрацоўніцтва "Масква — Мінск". Запланаваная работа секцый "Інфраструктура вялікіх гарадоў", "Разумныя гарады і тэхналогіі", "Мінск турыстычны: медыцынскі, рэабілітацыйны і культуралагічны". Прадстаўнікі дзвюх сталіц абмяняюцца вопытам у такіх напрамках, як зніжэнне энергаспажывання ў жылфондзе, асаблівасці праектавання і будаўніцтва метрапалітэна ў складаных гарадскіх умовах, арганізацыя паркоўкі і комплекснай транспартнай схемы, рэстаўрацыя гістарычнага цэнтра, прымяненне сучасных ўстойлівых да дэфармацый матэрыялаў пры рамонце і будаўніцтве дарог і інш.

Кірмашы беларускіх тавараў "Мінск — масквічам" разгорнуцца з 10 па 15 кастрычніка на дзвюх пляцоўках. На плошчы Рэвалюцыі  і на вуліцы Прафсаюзная каля станцыі метро "Новыя Чаромушкі".

Паралельна з кірмашамі пройдзе выстава-продаж тавараў беларускіх вытворцаў на ВДНГ.

У гэтыя дні таксама будзе падпісаны Мемарандум аб супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя насельніцтва паміж камітэтам па ахове здароўя Мінгарвыканкама і дэпартаментам аховы здароўя горада Масквы. Дакументам мяркуецца працяг узаемадзеяння і абмену вопытам паміж кіраўнікамі сістэм аховы здароўя, а таксама лекарамі-спецыялістамі вядучых медыцынскіх устаноў абодвух гарадоў; садзейнічанне ў падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і засваенні новых метадаў дыягностыкі і лячэння лекарамі-спецыялістамі ў вядучых медыцынскіх установах Мінска і Масквы; абмен вопытам па паляпшэнні даступнасці і якасці аказання медыцынскай дапамогі ў паліклініках і стацыянарах; узаемны ўдзел у развіцці медыцынскага турызму для жыхароў Масквы і Мінска; абмен дэлегацыямі лекараў-спецыялістаў. У адпаведнасці з мемарандумам, які будзе дзейнічаць на працягу трох гадоў, бакі таксама будуць сумесна ўдасканальваць нарматыўную базу па пытаннях транспланталогіі, а таксама развіваць супрацоўніцтва ў галіне трансплантацыі органаў і тканак, ствалавых клетак.

Моладзевыя парламенты Масквы і Мінска маюць намер заключыць пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве. У адпаведнасці з гэтым пагадненнем юныя парламентарыі дзвюх гарадоў будуць умацоўваць міжпарламенцкія сувязі, абменьвацца вопытам у сферах, якія закранаюць правы і законныя інтарэсы моладзі, разам распрацоўваць законатворчыя ініцыятывы ў сферы маладзёжнай палітыкі, арганізоўваць сумесныя праекты для моладзі Мінска і Масквы, а таксама развіваць маладзёжны парламенцкі рух у абодвух гарадах. Візіт у адказ маладзёжнай дэлегацыі Масквы ў Мінск запланаваны ў першым паўгоддзі 2018 года.

Дні Мінска ў Маскве адкрые канцэрт прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь, які адбудзецца ў Маскоўскім музычным тэатры "Гелікон-опера" вечарам 10 кастрычніка.

У рамках дзён Музей гісторыі Мінска прадстаўляе ў Музеі Масквы фотавыставу "Мінск — горад пад сонцам стагоддзяў". Яна праходзіць з 3 па 21 кастрычніка.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН