Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/10/09/eu_eu_923963_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.10.2017 05:33
09.10.2017 14:30 Эканоміка, Беларусь — Eўрасаюз

Прадстаўнікі Беларусі і ЕС абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва ў сферы лічбавай эканомікі

Мінск, 9 кастрычніка. Прадстаўнікі Беларусі і Еўрасаюза абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва ў сферы лічбавай эканомікі. Як паведамляе прэс-служба ўрада, гэтая тэма абмяркоўвалася падчас візіту ў Эстонію 5—6 кастрычніка беларускай дэлегацыі на чале з першым намеснікам прэм'ер-міністра Васілём Мацюшэўскім.

У склад дэлегацыі ўваходзілі першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі Дзмітрый Шадко, а таксама супрацоўнікі апарата Савета міністраў, МЗС і замежных устаноў.

Падчас сустрэчы Васіля Мацюшэўскага з намеснікам старшыні Еўрапейскай камісіі па адзіным лічбавым рынку Андрусам Ансіпам "асаблівы ўпор быў зроблены на развіццё сістэм электроннага гандлю і трансгранічных электронных паслуг, звязаных са сферай транспарту і лагістыкі".

Беларуская дэлегацыя таксама ўзяла ўдзел у другой міністэрскай сустрэчы Усходняга партнёрства (УП) па лічбавай эканоміцы, ключавым пытаннем якой стала выпрацоўка далейшых крокаў па гарманізацыі лічбавых рынкаў у межах УП, у тым ліку ў частцы будучых рэгіянальных пілотных праектаў.

Для беларускай дэлегацыі праведзеныя прэзентацыі лічбавых магчымасцяў Эстоніі ў інавацыйным цэнтры "Е-шоурум" і лічбавых рашэнняў, якія выкарыстоўваюцца ў банкаўскай сферы ў Эстонскай банкаўскай асацыяцыі.

У межах круглага стала Васіль Мацюшэўскі і члены беларускай дэлегацыі сустрэліся з буйнымі эстонскімі прадпрымальнікамі, якія працуюць у нафтахімічнай і транспартнай галінах. Абмеркаваныя перспектывы нарошчвання гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Эстоніяй і рэалізацыі інвестыцыйных праектаў.

Акрамя таго, беларуская дэлегацыя наведала музычную імпрэзу "Музыка без межаў" з выкарыстаннем інтэрнэт-сетак з высокай прапускной здольнасцю і інавацыйных тэхналогій з падключэннем вядомых музыкаў, якія знаходзіліся ў Таліне і Мінску, — яны выконвалі творы ў рэжыме рэальнага часу. Тым самым, адзначылі ў прэс-службе ўрада, быў прадэманстраваны патэнцыял лічбавых тэхналогій для падтрымкі гарманічнага трансгранічнага супрацоўніцтва.

Падчас візіту Мацюшэўскі таксама сустрэўся з прэм'ер-міністрам Эстоніі Юры Ратасам. "Бакі з задавальненнем канстатавалі і пацвердзілі зацікаўленасць у паступальнай актывізацыі беларуска-эстонскага ўзаемадзеяння. Адзначана, што існуючы ўзровень і патэнцыял развіцця эканомік дзвюх краін дазваляюць значна паглыбіць узаемны гандаль, пашырыць інвестыцыйныя сувязі, а таксама ўзаемадзеянне ў сферы навукі і культуры", — адзначыла прэс-служба.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН