Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/10/12/924593_924594/
Дата раздрукоўкі: 11.12.2017 07:08
12.10.2017 15:31 Эканоміка

Рассельгаснагляд узмацняе кантроль за ўвозам таматаў з Беларусі

Мінск, 12 кастрычніка. Рассельгаснагляд узмацняе кантроль за ўвозам таматаў з Арменіі, Азербайджана і Беларусі, паведаміла прэс-служба расійскага ведамства.

"У апошні час назіраецца рэзкае павелічэнне аб'ёмаў імпарту забароненай для ўвозу ў Расію прадукцыі ў Арменію, Азербайджан і Беларусь. Забароненую прадукцыю, якая паступае ў гэтыя краіны, у далейшым спрабуюць увезці ў Расію, выдаючы за тавары, вырабленыя на тэрыторыі гэтых дзяржаў", — адзначылі ў Рассельгаснаглядзе.

У сувязі з гэтым для выключэння магчымасці ўвозу ў Расію забароненай прадукцыі расліннага паходжання Рассельгаснагляд праінфармаваў упаўнаважаныя органы пералічаных краін аб неабходнасці ўказання на тарных этыкетках (маркіроўцы), якія змяшчаюцца на кожнай упаковачнай адзінцы з таматамі, інфармацыі аб назве вытворцы з дакладным адрасам. Партыі таматаў, якія ўвозяцца на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі і не ўтрымліваюць такой інфармацыі, будуць затрымлівацца да высвятлення месца вытворчасці.

Як паведамлялася раней, Рассельгаснагляд мяркуе, што праз Беларусь можа ажыццяўляцца рээкспарт турэцкіх таматаў у Расію. Гэтае пытанне па ініцыятыве Рассельгаснагляду абмяркоўвалася 6 кастрычніка з дырэктарам галоўнай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Беларусі Аляксандрам Піскуном. Тэмай для размовы стала перавышэнне ў студзені—верасні 2017 года аб'ёму паставак свежых таматаў з Беларусі ў Расію ў параўнанні з заяўленымі больш чым на 2 тыс. тон.

Са свайго боку Піскун растлумачыў, што ў Беларусі шырока развіта вытворчасць таматаў: планаваны аб'ём вырошчвання ў гэтым годзе павінен скласці 5 тыс. тон у адкрытым грунце і 88,5 тыс. тон — у закрытым. Ён адзначыў, што ў гэтым годзе Беларусь планавала экспартаваць на расійскі рынак 42,8 тыс. тон таматаў, а па факце 3 кастрычніка ўжо паставіла 45,6 тыс. тон.

"Рассельгаснагляд у сваю чаргу адзначыў, што пэўныя пытанні выклікае шматразовае павелічэнне колькасці імпартаваных у Рэспубліку Беларусь турэцкіх таматаў пры ўмове добра развітай вытворчасці названай прадукцыі ў самой Беларусі", — гаварылася ў паведамленні ведамства.

Яно звярнула ўвагу на тое, што за студзень—ліпень 2017 года ў Беларусь імпартавана турэцкіх памідораў у 3,5 разу больш, чым за 2015 год у цэлым, а ў параўнанні з 2012 годам — амаль у 12 разоў больш.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН