Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/10/12/924678_924679/
Дата раздрукоўкі: 23.10.2017 05:24
12.10.2017 16:59 Грамадства

Мінабароны: Калі будуць устаноўлены вінаватыя ў смерці Аляксандра Коржыча, яны будуць пакараныя

Мінск, 12 кастрычніка. У выпадку выяўлення асоб, вінаватых у смерці вайскоўца, яны абавязкова будуць прыцягнутыя да адказнасці, гаворыцца ў заяве, якую Міністэрства абароны распаўсюдзіла 12 кастрычніка.
Цела 21-гадовага ўраджэнца Пінска Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка знайшлі павешаным у падвальным памяшканні аднаго з будынкаў на тэрыторыі вайсковай вучэбнай часці пад Барысавам.

5 кастрычніка следства ў якасці першапачатковай версіі назвала суіцыд. Сваякі Аляксандра Коржыча з гэтай версіяй не пагадзіліся і заявілі аб гвалтоўным характары смерці.

Выпадак набыў вялікі грамадскі рэзананс. 11 кастрычніка на сайце zvarot.by пачаўся збор подпісаў пад патрабаваннем адстаўкі міністра абароны Андрэя Раўкова. Менш чым за суткі сабрана больш за 4 тыс. подпісаў.

10 кастрычніка следства паведаміла аб распачынанні справы па ч. 3 арт. 443 КК (парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасці адносін падпарадкаванасці, што мела вынікам цяжкія наступствы). Паводле папярэдніх дадзеных, прычынай смерці стала механічная асфіксія ад сціскання органаў шыі пятлёй ад рэменя пры павешанні. Праводзяцца гісталагічныя, судова-хімічныя і іншыя даследаванні.

У заяве Міністэрства абароны адзначаецца, што ведамствам "прыняты ўсе меры для аб'ектыўнага і ўсебаковага расследавання акалічнасцяў гэтага здарэння". "Тэрмінова інфармацыя аб гэтым факце была паведамлена ў Следчы камітэт і пракуратуру. З мэтай максімальна аб'ектыўнага расследавання і праверкі ўсёй атрыманай інфармацыі, выяўлення прычын і ўмоў здарэння, дэталёвага вывучэння ўсіх акалічнасцяў, якія садзейнічалі гэтаму здарэнню, у тым ліку магчымых супрацьпраўных дзеянняў вайскоўцаў, уключаючы парушэнні статутных правілаў узаемаадносін, распачата крымінальная справа", — гаворыцца ў паведамленні.

Мінабароны таксама адзначае, што па ўсіх фактах злачынстваў "абавязкова распачынаюцца крымінальныя справы". "Так, па фактах парушэнняў статутных правілаў узаемаадносін паміж вайскоўцамі, уключаючы тыя, якія не былі спалучаныя з гвалтам, распачатыя крымінальныя справы, у тым ліку ў 2014 годзе — 13, у 2015 годзе — 27, у 2016 годзе — 17, у 2017 годзе — 13", — паведамляе ваеннае ведамства.

Адначасова "рэалізуецца комплекс арганізацыйных і прафілактычных мер у сувязі з рэзкім пагаршэннем сацыяльна-дэмаграфічнай характарыстыкі прызыўнога кантынгенту". Паводле дадзеных Мінабароны, кожны дзясяты прызыўнік апошніх двух прызываў стаяў на ўліку ў міліцыі; амаль дзве траціны прызыўнікоў затрымліваліся за адміністрацыйныя правапарушэнні; колькасць прызыўнікоў, якія мелі вопыт крымінальных паводзінаў, склала больш за 4%. У пачатку 2000-х гадоў, калі былі "лішкі прызыўных рэсурсаў, у армію не прызываліся асобы, у якіх судзімасць была знятая або пагашаная", адзначаецца ў паведамленні.

"Нягледзячы на сітуацыю, якая склалася, прынятыя арганізацыйныя і прафілактычныя меры забяспечылі функцыянаванне больш за 90% вайсковых часцей без злачынстваў і здарэнняў", — сцвярджаюць у Мінабароны. Міністэрства падкрэслівае сваю гатоўнасць і надалей забяспечваць "няўхільнасць пакарання вінаватых асоб за ўчыненне правапарушэнняў".
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН