Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/11/13/929026_125874/
Дата раздрукоўкі: 22.11.2017 21:26
13.11.2017 09:15 Эканоміка, Фінансы

Улады зацікавіліся заробкамі банкіраў

Мінск, 13 лістапада. Нацыянальны банк сабраў у камерцыйных банкаў звесткі пра заробкі іх кіраўнікоў. Паводле інфармацыі БелаПАН, беларускія банкі далі звесткі пра зарплаты, гадавыя бонусы, а таксама прэміі, атрыманыя топ-менеджарамі ў 2015—2016 гадах і студзені—верасні гэтага года.
Нацбанк таксама сабраў у топ-менеджараў камерцыйных банкаў звесткі пра ключавыя паказчыкі эфектыўнасці іх дзейнасці. Усю гэтую інфармацыю рэгулятар атрымаў у прадстаўнікоў камерцыйных банкаў у межах падрыхтоўкі нарады ў Аляксандра Лукашэнкі па асобных пытаннях дзейнасці банкаўскай сістэмы, якая запланаваная ў лістападзе.

Узнятая тэма заробкаў банкіраў, лічаць прадстаўнікі фінансавага сектара, з'яўляецца працягам досыць даўняй гісторыі.

"Тэма зарплат банкіраў на дзяржаўным узроўні актуалізавалася некалькі гадоў таму на фоне праблем у эканоміцы і высокіх працэнтных ставак па крэдытах. Пасыл быў такі, што эканоміка бядуе з-за дарагіх крэдытаў, таму што банкіры атрымліваюць высокую зарплату", — адзначыў эксперт у фінансавых колах.

Паводле інфармацыі БелаПАН, пытанне пра зарплаты банкіраў ўжо выносілі ў лютым 2017 года на нараду ў Нацыянальным банку, у якой узялі ўдзел топ-менеджары большасці айчынных банкаў. Там банкірам паведамілі, што на дзяржаўным узроўні ёсць прапанова дырэктыўна ўсталяваць зарплаты кіраўнікам камерцыйных банкаў у памеры акладу старшыні праўлення Нацбанка, аднак да цяперашняга часу яна не рэалізаваная.

На думку ўдзельнікаў рынку, калі справа дойдзе да дырэктыўнага вызначэння зарплат банкіраў, гэта можа мець негатыўныя наступствы як для карпаратыўнага кіравання ў банках, так і для дзяржавы.

"Сітуацыя, калі замежныя акцыянеры не змогуць выплачваць топ-менеджарам беларускіх банкаў жаданае ўзнагароджанне, стварае глебу для кулуарных дамоўленасцяў. Можа дайсці да таго, што беларускія банкіры будуць атрымліваць асноўную частку ўзнагароджання за мяжой і траціць гэтыя грошы там жа", — сказаў суразмоўца БелаПАН ў фінансавых колах.

Дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык лічыць, што ўзровень зарплат у камерцыйных банках трэба не зніжаць да ўзроўню Нацбанка, а ставіць адваротную задачу.

"Калі ўжо пачынаць выраўноўваць зарплаты, то лепш арыентавацца на камерцыйныя банкі і падымаць да гэтага ўзроўню зарплаты супрацоўнікам Нацбанка. Тым больш, рэгулятар гэта заслужыў: і стабільнасць абменнага курсу забяспечыў, і інфляцыю да гістарычнага мінімуму знізіў, і крэдыты сталі істотна таннейшыя", — адзначыў Чубрык.

Эксперты прагназуюць, што ў выпадку дырэктыўнага вызначэння зарплат топ-менеджараў камерцыйных банкаў можа пачацца адток кваліфікаваных кадраў з сістэмы.

"У Беларусі кваліфікаваныя людзі заўсёды маюць выбар, і таму ў топ-менеджараў банкаў павінны быць зарплаты, адпаведныя кампетэнцыі і ўзроўню адказнасці, якую гэтыя людзі бяруць на сябе. Калі гэтае правіла не выконваецца, спецыялісты стануць пакідаць банкі, і такі паварот падзей дакладна не у інтарэсах дзяржавы і эканомікі", — перакананы партнёр-кіраўнік міжнароднай кансалтынгавай кампаніі Civitta па СНД Даніэль Крутцына.

Беларускія эканамісты, у сваю чаргу, не бачаць важкіх падстаў для ўмяшання дзяржавы ў сістэму ўзнагароджання топ-менеджараў банкаў.

"На ўзроўні дзяржавы сёння варта было б разглядаць тэму якасці банкаўскіх актываў, якая пагоршылася пасля зацяжнога перыяду рэцэсіі. Пытанне, якое таксама варта абмяркоўваць на дзяржаўным узроўні, — будучыня нацыянальнай беларускай сістэмы ва ўмовах цыфравізацыі грашовых патокаў. Гэтыя пытанні несупастаўна важнейшыя для эканомікі, чым зарплаты банкіраў", — лічыць акадэмічны дырэктар Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН