Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/11/14/929211_114702/
Дата раздрукоўкі: 22.11.2017 21:22
14.11.2017 10:40 Грамадства

Расійскі святар, абвінавачаны ў сутэнёрстве, прыгавораны да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі

Мінск, 14 лістапада. Прысуд 39-гадоваму святару, грамадзяніну Расіі, вынесены 14 лістапада судом Чыгуначнага раёна Віцебска на закрытым пасяджэнні.
Як паведамілі ў Віцебскім абласным судзе, мужчына прызнаны вінаватым у падрыхтоўцы да арганізацыі і выкарыстання заняцця прастытуцыяй іншай асобай, пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства, спалучаных з вывазам за межы дзяржавы асобы для прастытуцыі, учыненых асобай, якая раней учыніла злачынства, прадугледжанае арт. 171 КК. На падставе ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 171 КК яму прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў шэсць месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і канфіскацыяй маёмасці.

Прысуд не набыў законную моц, можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым парадку.

Згодна са звесткамі следства, святар, жыхар Ленінградскай вобласці РФ, з красавіка па жнівень 2017 года вёў перапіску ў інтэрнэце з двума жыхаркамі Віцебска. Атрымаў іх згоду на прастытуцыю ў Санкт-Пецярбургу і 3 жніўня прыехаў у Віцебск, каб даставіць жанчын у Расію. Ён правёў некалькі гутарак з 20-гадовай і 30-гадовай жанчынамі, і яны дамовіліся аб вывазе. У 19.30 мужчыну затрымалі пры пасадцы ў аўтобус Віцебск — Санкт-Пецярбург.

Следства выявіла, што абвінавачаны паводле папярэдняй змовы з 19-гадовай грамадзянкай Таджыкістана і іншымі асобамі, "маючы намер на арганізацыю і выкарыстанне занятку прастытуцыяй" на тэрыторыі РФ, у студзені—лютым гэтага года ажыццяўляў аналагічную перапіску ў сетцы з жыхаркамі Беларусі.

Была атрыманая згода 25-гадовай і 29-гадовай жанчын на прастытуцыю ў Санкт-Пецярбургу, і паводле ўказання абвінавачанага грамадзянка Таджыкістана ў лютым прыехала ў Гомель, дзе правяла вербавальныя гутаркі з жанчынамі. Дасягнуўшы дамоўленасці аб іх вывазе, купіла квіткі на цягнік Гомель — Санкт-Пецярбург, потым была затрыманая пры пасадцы ў цягнік на чыгуначным вакзале Гомеля.

Суд Чыгуначнага раёна Гомеля прыгаварыў жанчыну да пяці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Ужо знаходзячыся ў калоніі, яна ўбачыла па тэлевізары сюжэт пра затрыманне ў жніўні ў Віцебску мужчыны, які спрабаваў вывезці жанчын у Санкт-Пецярбург для прастытуцыі. У затрыманым яна апазнала чалавека, які адправіў яе ў Гомель.

Айцец Мікалай мае вышэйшую адукацыю, жанаты, з'яўляецца штатным святаром храма Святых Пятра і Паўла ў Ленінградскай вобласці.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН