Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/11/14/eu_eu_929230_205014/
Дата раздрукоўкі: 22.11.2017 21:27
14.11.2017 12:09 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Статкевіч і Някляеў: Запрашэнне Лукашэнкі на саміт Усходняга партнёрства — гэта легалізацыя рэпрэсій беларускага рэжыму

Мінск, 14 лістапада. Апазіцыйныя палітыкі Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў падрыхтавалі зварот да кіраўнікоў краін ЕС, старшыні Еўрапейскага савета Дональда Туска, вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыкі Магерыні, еўракамісара па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Ёханеса Хана і дэпутатаў Еўрапарламента ў сувязі з магчымым удзелам Аляксандра Лукашэнкі ў саміце Усходняга партнёрства, які пройдзе ў Бруселі 24 лістапада.
Тэкст звароту размешчаны 14 лістапада на старонцы Статкевіча ў "Фэйсбуку".

Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў, якія з'яўляюцца сустаршынямі Беларускага нацыянальнага кангрэса (афіцыйна не зарэгістраванага ў Беларусі), расцэньваюць запрашэнне афіцыйнага лідара на саміт як "легітымізацыю самога Лукашэнкі", а таксама як "легалізацыю яго палітыкі і яго рэжыму, які зноў звярнуўся да рэпрэсій" .

"У Беларусі зноў з'явіліся палітвязні. Людзі, якіх садзяць у турмы за грамадзянскую пазіцыю, за палітычныя перакананні, — гаворыцца ў звароце. — Акрамя звычайных арыштаў і штрафаў, вынаходзяцца новыя спосабы націску: арышт маёмасці, знос або арышт жылля, рэпрэсіі супраць блізкіх. Практыкай сталі выкраданні, збіванні і катаванні арыштаваных актывістаў, наўмыснае размяшчэнне іх разам з хворымі на небяспечныя інфекцыйныя захворванні, адмовы зняволеным у медыцынскай дапамозе. Можна, вядома, заплюшчваць на гэта вочы. Але калі не заплюшчваць, то запрашэнне кіраўніка паліцэйскай дзяржавы ў дэмакратычную Еўропу — ухваленне яго палітыкі рэпрэсій".

Статкевіч і Някляеў падкрэсліваюць, што яны не супраць дыялогу ЕС з уладамі Беларусі. "Мы разумеем, што ў ім не можа не быць нейкіх саступак рэжыму з боку ЕС. Але ў ім не можа не быць і абавязковых для выканання, для працягу дыялогу умоў. Абавязковымі ўмовамі павінна быць дэмакратызацыя заканадаўства аб выбарах, аб рэгістрацыі партый і грамадскіх арганізацый, аб СМІ, аб масавых сходах грамадзян, а таксама вызваленне палітвязняў, спыненне палітычна матываваных крымінальных спраў і рэабілітацыя ўсіх раней асуджаных па такіх справах. Дыялог доўжыцца ўжо больш за два гады, але нічога гэтага няма. Нават на саміт у Брусель Лукашэнка запрошаны без ніякіх папярэдніх умоў", — адзначаецца ў звароце.

Статкевіч і Някляеў заклікаюць еўрапейскіх палітыкаў да салідарнасці "з барацьбой за дэмакратычную незалежную Беларусь". "Беларускі народ мае права на свабоду", — падкрэсліваюць яны.

Як паведаміў Мікалай Статкевіч БелаПАН, зварот будзе разасланы найбліжэйшым часам. "Тэкст будзе перакладзены і накіраваны наўпрост адрасатам. Таму што, як паказвае практыка, просьбы перадаваць звароты праз дыпламатаў не працуюць", — дадаў палітык.

Саміт Усходняга партнёрства (УП), што адбудзецца 24 лістапада, можа стаць першым, у якім возьме ўдзел Аляксандр Лукашэнка. У пяці папярэдніх самітах ад Беларусі ўдзельнічалі чыноўнікі рознага ўзроўню. Прычынай, з-за якой Лукашэнка не мог браць удзел у самітах УП, была забарона на яго ўезд у краіны Еўрасаюза. У лютым 2016 года Савет ЕС прыняў рашэнне зняць большасць абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі, у тым ліку візавыя санкцыі з шэрагу чыноўнікаў, уключна з Лукашэнкам. Такім чынам, афіцыйных перашкод для яго ўдзелу ў саміце няма, аднак ці паедзе беларускі кіраўнік у Брусель, пакуль невядома.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН