Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/11/15/929422_102057/
Дата раздрукоўкі: 20.01.2018 14:14
15.11.2017 10:03 Грамадства

Генпракурор: У сувязі з гібеллю радавога Коржыча распачатыя 15 крымінальных спраў

Мінск, 15 лістапада. У сувязі з гібеллю радавога Аляксандра Коржыча ў 72-м Аб`яднаным навучальным цэнтры Узброеных сіл Беларусі Аляксандра Коржыча распачатыя "прыблізна 15 крымінальных спраў", прыкладна столькі ж фігурантаў, паведаміў 15 лістапада журналістам генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк.
Паводле яго слоў, пракуратура не толькі сочыць за ходам расследавання, але і разам са Следчым камітэтам з`яўляецца адной з дзейных арганізацый па гэтай справе.

Канюк заявіў, што расследаванне знаходзіцца на яго асабістым кантролі. Ён сустракаўся з маці загінулага. Яна будзе ўдзельнічаць у некаторых следчых дзеяннях.

Згодна са звесткамі на 1 лістапада, фігурантамі справы ў сувязі з гібеллю радавога Коржыча ў 72-м Аб`яднаным навучальным цэнтры з`яўляюцца 15 вайскоўцаў, паведамілі раней БелаПАН у Следчым камітэце. Абвінавачанне выстаўленае 10 з іх — васьмі сяржантам, прапаршчыку і афіцэру. Яшчэ пяцёра вайскоўцаў, у тым ліку адзін афіцэр, які знаходзіцца пад абавязацельствам аб яўцы, — у статусе падазраваных.

21-гадовага радавога Коржыча знайшлі ў пятлі са звязанымі нагамі і апранутай на галаву майкай 3 кастрычніка ў склепе медроты. 5 кастрычніка ў якасці першапачатковай версіі следства назвала суіцыд, але сваякі з гэтым не пагадзіліся і заявілі аб гвалтоўным характары смерці. У выніку Следчы камітэт распачаў справу на падставе ч. 3 арт. 443 КК (парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасці адносін падпарадкаванасці, што пацягнула цяжкія наступствы). Камітэт разглядае тры версіі здарэння: давядзенне да самагубства, забойства і самагубства.

Па справе Коржыча былі заключаныя пад варту 10 чалавек. Крымінальныя справы распачатыя па фактах злоўжывання ўладай, махлярства, нестатутных адносін. Аляксандр Лукашэнка 20 кастрычніка адхіліў ад пасады начальніка 72-га гвардзейскага Аб`яднанага навучальнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў Узброеных сіл палкоўніка Канстанціна Чарнецкага.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН