Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/11/21/930395_930396/
Дата раздрукоўкі: 20.01.2018 14:13
21.11.2017 13:30 Грамадства, Палітыка

Украіна выслала з Кіева беларускага дыпламата

Мінск, 21 лістапада. Украіна выслала з Кіева беларускага дыпламата, паведаміла агенцтва УНІАН са спасылкай на прэс-сакратара МЗС Мар`яну Бецу.

Прозвішча высланага беларускага дыпламата не называецца.

У МЗС Украіны заяўляюць, што супрацоўнік пасольства Беларусі высланы з Кіева на аснове прынцыпу ўзаемнасці ў адказ на аб`яўленне ў Беларусі персонай нон грата першага сакратара ўкраінскага пасольства Ігара Скварцова.

"У сувязі з інфармацыяй беларускага боку аб аб`яўленні персонай нон грата супрацоўніка пасольства Украіны ў Беларусі хацелі б адзначыць, што ўкраінскі бок на аснове прынцыпу ўзаемнасці таксама выслаў беларускага дыпламата з Украіны", — сказала Беца.

На просьбу БелаПАН пракаментаваць гэтыя заявы, намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі МЗС Беларусі Андрэй Шупляк адказаў: "Мы гэту сітуацыю традыцыйна не каментуем. Ні пацвярджаць, ні абвяргаць не будзем. Гэта звычайны падыход у такіх выпадках".

25 кастрычніка з Беларусі быў высланы першы сакратар пасольства Украіны ў Мінску Ігар Скварцоў. На брыфінгу 20 лістапада афіцыйны прадстаўнік КДБ Дзмітрый Пабяржын паведаміў, што Скварцоў аб`яўлены ў Беларусі персонай нон грата. Паводле звестак КДБ, Ігар Скварцоў з`яўляецца супрацоўнікам галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны. Пад дыпламатычным прыкрыццём ён каардынаваў дзейнасць Паўла Шаройкі, затрыманага беларускімі спецслужбамі 25 кастрычніка. У дачыненні да грамадзяніна Украіны Шаройкі, які быў акрэдытаваны ў Мінску як карэспандэнт Грамадскай нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Украіны, распачата справа па артыкуле 358 Крымінальнага кодэкса (шпіянаж). Ён утрымліваецца ў следчым ізалятары КДБ.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН