Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/11/24/931081_445566/
Дата раздрукоўкі: 20.01.2018 14:12
24.11.2017 16:24 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка: Украінскі бок парушыў дамоўленасць не надаваць агалосцы "шпіёнскі скандал" і ўзняў гвалт

Мінск, 24 лістапада. Дамоўленасць не надаваць агалосцы "шпіёнскі скандал" з удзелам украінскага журналіста Паўла Шаройкі парушыў украінскі бок, заявіў Аляксандр Лукашэнка 24 лістапада падчас рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць.
Паводле слоў Лукашэнкі, гэтая сітуацыя абмяркоўвалася на яго сустрэчы з украінскім прэзідэнтам Пятром Парашэнкам у Аб`яднаных Арабскіх Эміратах 2 лістапада. "Ён мне задаў гэтае пытанне, і я яму адказаў фактамі. Я яму прызнаўся, што з першага да апошняга дня аперацыі па нейтралізацыі шпіёнскай сеткі быў у курсе. Такая практыка — старшыня КДБ мне далажыў адразу", — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Лукашэнка таксама паведаміў, што з Парашэнкам была дасягнутая дамоўленасць не надаваць справе ходу, але ўкраінскі бок яе парушыў. "Яны ўзнялі гвалт, усё было выплюхнутае ў сродкі масавай інфармацыі. Што мне заставалася рабіць? Я адмяніў сваё рашэнне і сказаў выкласці сякія-такія факты ў СМІ, каб людзі разумелі, што мы не нагнятаем становішча ў адносінах з Украінай. І мы паказалі. Гэты чалавек прызнаўся, дзе працаваў, як працаваў. Шмат матэрыялаў дадаткова ёсць. Не ведаю, навошта патрэбен быў гэты скандал. Але яны парушылі нашу дамоўленасць", — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

Пры гэтым Лукашэнка заявіў, што "ніякага маскоўскага следу ў гэтай справе шукаць не варта, таму што яго там няма".

У дачыненні да асоб, якія маюць дачыненне да гэтай справы, у Беларусі дзейнічаюць "выключна ў адпаведнасці з заканадаўствам", запэўніў кіраўнік дзяржавы. "Я гэтага палкоўніка па званні, які проста працаваў пад прыкрыццём журналіста, разумею. Многія дзяржавы так сябе вядуць — пад прыкрыццём журналістаў, дыпламатаў працуюць разведчыкі. Я ўжо з гэтым сутыкаўся шмат разоў. Але як зразумець беларуса, які за капейкі працаваў на замежную, хай нават і не зусім чужую, разведку?" — сказаў Лукашэнка.

Акрэдытаваны ў Беларусі карэспандэнт Украінскага радыё Павел Шаройка быў затрыманы КДБ 25 кастрычніка, аднак вядома пра гэта стала толькі 17 лістапада дзякуючы паведамленню кіраўніка Нацыянальнай грамадскай тэлерадыёкампаніі Украіны Зураба Аласаніі.

Афіцыйны прадстаўнік КДБ Беларусі Дзмітрый Пабяржын 20 лістапада на брыфінгу ў Мінску паведаміў, што Шаройка прызнаў, што з`яўляецца супрацоўнікам кадравага апарату ваеннай разведкі Украіны і працаваў у Беларусі пад прыкрыццём. У дачыненні да Шаройкі распачатая справа на падставе артыкула 358 Крымінальнага кодэкса Беларусі (шпіянаж), ён узяты пад варту. Паводле інфармацыі КДБ, Шаройка "стварыў агентурную сетку з грамадзян Беларусі, якія за грашовае ўзнагароджанне выконвалі яго заданні па зборы звестак разведвальнага характару ў ваенна-палітычнай сферы". Яго дзейнасць каардынаваў супрацоўнік галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Ігар Скварцоў, які дзейнічаў пад прыкрыццём пасады саветніка пасольства Украіны.

Скварцоў абвешчаны персонай нон грата і 25 кастрычніка быў высланы з Беларусі. У адказ ўкраінскі бок выслаў з Кіева беларускага дыпламата, прозвішча якога не названае.

Пабяржын таксама паведаміў, што пры зборы сакрэтных матэрыялаў быў затрыманы грамадзянін Беларусі, які ажыццяўляў шпіёнскую дзейнасць у інтарэсах Украіны. "Беларус прызнаў віну, паведаміў, што паводле задання ўкраінскай ваеннай разведкі за грошы збіраў і перадаваў інфармацыю аб абараназдольнасці Рэспублікі Беларусь. У дачыненні да яго распачатая крымінальная справа на падставе артыкула 356 (здрада дзяржаве)", — сказаў прадстаўнік КДБ.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН