Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/11/26/931302_123456/
Дата раздрукоўкі: 20.01.2018 14:15
26.11.2017 11:57 Грамадства

Каля 2,5 тысяч навабранцаў беларускай арміі пачалі навучанне ў Печах

Мінск, 26 лістапада. Да навучання ў 72-м Аб'яднаным навучальным цэнтры Узброеных сіл Беларусі ў Печах пад Барысавам прыступілі каля 2,5 тыс. ваеннаслужачых восеньскага прызыву, паведаміў тэлеканал СТВ 25 лістапада ў праграме "Навіны 24 гадзіны".

Асаблівая ўвага да гэтага злучэння прыкаваная з-за гібелі тут у пачатку кастрычніка радавога Аляксандра Коржыча. У сувязі з гэтым, паводле апошняй афіцыйнай інфармацыі Генпракуратуры, расследуецца 15 крымінальных спраў па розных складах злачынстваў.

Паводле звестак следства на 1 лістапада, фігурантамі з'яўляюцца 15 ваеннаслужачых. Абвінавачанне прад'яўлена 10 з іх — васьмі сяржантам, прапаршчыку і афіцэру. Яшчэ пяцёра вайскоўцаў, у тым ліку адзін афіцэр, які знаходзіцца пад абавязацельствам аб яўцы, — у статусе падазраваных.

Прэзідэнт Лукашэнка 20 кастрычніка адхіліў ад пасады начальніка 72-га гвардзейскага Аб'яднанага навучальнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў Узброеных сіл палкоўніка Канстанціна Чарнецкага.

У рэпартажы СТВ адзначалася, што ў цэнтры плануюць правесці пераатэстацыю афіцэрскага складу, а таксама ўстанавіць відэаназіранне ва ўсіх вайсковых часцях.

Як заявіў тэлеканалу новы начальнік 72-га АНЦ палкоўнік Уладзіслаў Будзік, "з першых дзён знаходжання ваеннаслужачаму новага папаўнення дазволена мець зносіны з бацькамі, бацькі маюць магчымасць пабываць у казарме, азнаёміцца з умовай размяшчэння побыту сваіх сыноў, сустрэцца з камандаваннем".

Да прызначэння на гэтую пасаду Уладзіслаў Будзік займаў пасаду начальніка ўпраўлення службы войскаў Узброеных сіл.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН