Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/12/07/932960_112540/
Дата раздрукоўкі: 15.12.2017 22:44
07.12.2017 12:15 Эканоміка, Грамадства

Тэлекам-аператар velcom запусціў у Мінску першую ў краіне сетку для "інтэрнэту рэчаў"

Мінск, 7 снежня. Тэлекам-аператар velcom запусціў у Мінску першую ў краіне вузкапалосную сетку NB-IoT (Narrow Band Internet of Things) для "інтэрнэту рэчаў". Ёю пакрытая ўся тэрыторыя сталіцы.

Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе velcom, маштабны запуск сеткі NB-IoT дазволіць развіваць "інтэрнэт рэчаў" ва ўсім горадзе, а не толькі ў пілотных зонах. Базавыя станцыі ўжо забяспечваюць устойлівае пакрыццё ў кожным раёне: вузкапалосная сувязь пранікае ў самыя цяжкадаступныя месцы, скрозь масіўныя сцены будынкаў і на цокальныя паверхі. Па ўзроўні пранікнення сігналу новы стандарт можа ў 20 разоў пераўзыходзіць тэхналогіі M2M, якія выкарыстоўваюцца зараз.

Першыя месяцы сетку NB-IoT можна будзе выкарыстоўваць бясплатна. "Мы разлічваем, што гэта стане стымулам для распрацоўшчыкаў больш актыўна ўкараняць і запускаць у Мінску сучасныя тэхналагічныя рашэнні, якія дапамогуць палепшыць жыццё людзей і павысіць эфектыўнасць працы сістэм прадпрыемстваў", — запэўнілі ў velcom.

Услед за Мінскам velcom плануе разгортваць сетку NB-IoT ў абласных і раённых цэнтрах.

Беларусь стала адной з нешматлікіх краін у Еўропе, якая запусціла такую сетку. Тэхналогія можа знайсці прымяненне ў многіх галінах — ад электроннай медыцыны да смарт-сіці.

NB-IoT уяўляе сабой стандарт мабільнай сувязі, распрацаваны ў 2016 годзе для абмену звесткамі паміж лічбавымі прыладамі. Каб разгарнуць сетку, дастаткова вузкай паласы частот і невялікага абнаўлення базавых станцый. Сярод пераваг вялікая ёмістасць сеткі, высокае пранікненне сігналу, невялікае энергаспажыванне і нізкі кошт прылад.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН