Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2018/01/01/eu_936227_12345/
Дата раздрукоўкі: 18.01.2018 22:21
01.01.2018 11:05 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Старшынства ў Еўрасаюзе перайшло ад Эстоніі да Балгарыі

Мінск, 1 студзеня. З 1 студзеня старшынства ў Еўрасаюзе на паўгода перайшло ад Эстоніі да Балгарыі.

Балгарыя ўпершыню будзе выконваць функцыі старшыні ЕС з моманту далучэння да яго ў 2007 годзе. "Мы гатовыя да гэтага, мы разумеем, што гэта будзе нялёгка. Але мы ведаем, чаго хочам дасягнуць, і можам гэта зрабіць. Наша мэта — рэагаваць на рэальныя патрэбнасці еўрапейскіх грамадзян і абярнуць выклікі ў магчымасці", — гаворыцца на сайце балгарскага старшынства.

На думку Балгарыі, Еўропе неабходна больш бяспекі, салідарнасці і стабільнасці. "Мы будзем працаваць на бяспеку Еўропы, таму што крызіс міграцыі і тэрарыстычныя акты за апошнія гады паказалі, наколькі мы ўразлівыя; на стабільнасць Еўропы, таму што грамадзяне хочуць ведаць, што Еўрапейскі саюз клапоціцца пра свой росквіт і дабрабыт; на салідарнасць Еўропы, паколькі ўсе дзяржавы-члены сутыкаюцца з асноўнымі праблемамі, і іх можна пераадолець толькі сумеснымі дзеяннямі, а не на нацыянальным або мясцовым узроўні", — адзначаецца на сайце балгарскага старшынства.

Ключом да дасягнення пастаўленых мэтаў Балгарыя лічыць адзінства ЕС, таму балгарскае старшынства будзе праходзіць пад лозунгам "Разам мы мацнейшыя".

"Заўтра Еўропа будзе тым, што мы зробім сёння. Надышоў час пабудаваць больш моцны, бяспечны і згуртаваны Еўрасаюз. Грамадзяне Балгарыі і ЕС чакаюць ад нас, што будуць знойдзеныя пэўныя рашэнні для канкрэтных праблем", — гаворыцца на сайце балгарскага старшынства.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН