Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2018/01/08/936998_12345/
Дата раздрукоўкі: 20.01.2018 14:18
08.01.2018 13:51 Спорт

Два "МАЗы" ўвайшлі ў сямёрку лепшых на дзюнах "Дакара" ў Перу

Мінск, 8 студзеня. Два беларускія экіпажы паспяхова пераадолелі другі спецучастак юбілейнага ралі "Дакар" і фінішавалі ў першай сямёрцы.

Другі ралі-заезд стаў сур'ёзным выпрабаваннем для гоншчыкаў. Закальцаваны маршрут каля перуанскага Піска праходзіў па ўчастках з вялізнымі дзюнамі і вострымі камянямі. Многія экіпажы затрымаліся ў пясках ці сутыкнуліся з тэхнічнымі праблемамі, з-за чаго страцілі шмат часу.

"Беларускія экіпажы адразу ж ірванулі наперад. "МАЗ" Сяргея Вязовіча прайшоў некалькі машын, у тым ліку "КамАЗ" і Renault, але прыкладна на 60-м кіламетры неасцярожна пайшоў наўскасяк па піку выдмы і затрымаўся на ёй. На шчасце, хутка падаспеў экіпаж Аляксея Вішнеўскага, які выцягнуў грузавік з дапамогай троса, — распавялі ў кампаніі velcom, якая забяспечвае каманду бясплатнай мабільнай сувяззю. — Больш за ўсё парадаваў малады беларускі гоншчык, які ехаў хутка і без памылак. Калі б Аляксей не заблукаў у канцы маршруту, паехаўшы за Дзмітрыем Сотнікавым, то мог бы і ўвогуле фінішаваць у ліку лідараў".

У выніку Вішнеўскі скончыў этап шостым, патраціўшы на пераадоленне спецучастка 3 гадзіны 50 хвілін і адстаўшы ад лепшага часу на 26 хвілін. На паўтары хвіліны больш спатрэбілася Сяргею Вязовічу, які апынуўся сёмым. У генеральнай класіфікацыі беларускія экіпажы займаюць сёмую і восьмую пазіцыі з адставаннем у 29 хвілін.

Тэхнічныя цяжкасці ўзніклі і ў экіпажа пад кіраўніцтвам Аляксандра Васілеўскага. На трасе выйшла са строю адна з турбін матора.

Лідарам гонкі стаў расіянін Эдуард Нікалаеў з каманды "КАМАЗ-майстар".

Трэці этап прывядзе гоншчыкаў ў Сан-Хуан-дэ-Маркона. Хуткасныя ўчасткі складуць 296 км, якія пройдуць у асноўным уздоўж пяскоў і барханаў.

Беларускія гоншчыкі ўдзельнічаюць у ралі-рэйдзе "Дакар" у сёмы раз. Уладальнікам каманды выступае Мінскі аўтазавод, тэхнічным партнёрам — тэлекам-аператар velcom. Асноўная мэта — увайсці ў лік наймацнейшых экіпажаў па выніках ралі ў заліку грузавікоў. Марафон сёлета праходзіць па тэрыторыі трох краін — Перу, Балівіі і Аргенціны. Працягласць толькі хуткасных участкаў складае 3,5 тыс. км, прычым большая частка маршруту прыпадае на высакагор'е. Завершыцца гонка 20 студзеня ў аргенцінскай Кардобе.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН