Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2018/01/09/937129_937130/
Дата раздрукоўкі: 20.01.2018 14:17
09.01.2018 12:22 Спорт, Эканоміка

Два "МАЗы" ўпершыню ўвайшлі ў чацвёрку лідараў "Дакара"

Мінск, 9 студзеня. Беларускія гоншчыкі паспяхова завяршылі трэці этап ралі-рэйду "Дакар-2018". Усе тры мазаўскія экіпажы ўвайшлі ў першую дзясятку, а Аляксей Вішнеўскі і Сяргей Вязовіч здолелі падняцца на трэцяе і чацвёртае месцы ў агульным заліку, паведамілі ў ААТ "МАЗ".

Трэці спецучастак працягласцю 296 км працягнуў выпрабаванне дзюнамі. Траса ўключала ў сябе мноства пясчаных перашкод, і толькі палове грузавых экіпажаў удалося праехаць іх без здарэнняў. Для беларускіх экіпажаў этап склаўся паспяхова: гоншчыкі практычна не рабілі памылак, тэхніка не падвяла.

Найлепшы час сярод беларусаў паказаў Аляксей Вішнеўскі, які заняў пятае месца. У дарозе ён правёў 4 гадзіны 21 хвіліну і адстаў ад пераможцы этапу — аргенцінца Федэрыка Вілагра — на 24 хвіліны. Праз паўхвіліны фінішаваў на шостым радку лідар мазаўскай каманды Сяргей Вязовіч. У агульным заліку беларускія экіпажы займаюць трэцюю і чацвёртую пазіцыю, прайграючы лідару гонкі — расіяніну Эдуарду Нікалаеву — каля 53 хвілін.

Пасля тэхнічных праблем на трэцім этапе наганяе ўпушчаныя пазіцыі "МАЗ" Аляксандра Васілеўскага. Беларускі экіпаж упэўнена прайшоў спецучастак, абагнаўшы на трасе многія грузавікі і фінішаваўшы дзясятым. На пераадоленне спецучастка пайшло 4 гадзіны 48 хвілін, а адставанне склала 51 хвіліну. У генеральнай класіфікацыі экіпаж займае 17-ты радок, прайграючы лідару гонкі 5 гадзін 57 хвілін.

Чацвёрты этап пройдзе ўздоўж ціхаакіянскага ўзбярэжжа ў ваколіцах перуанскага горада Сан-Хуан-дэ-Марконі. Даўжыня спецучастка складзе 330 км. Гоншчыкам трэба будзе пераадолець стромкія каньёны і 100-кіламетровы ўчастак з дзюнамі. Ралі-заезд стане сур'ёзным выпрабаваннем для пілотаў і тэхнікі, што можа адбіцца на становішчы экіпажаў у турнірнай табліцы.

Беларускія гоншчыкі ўдзельнічаюць у ралі-рэйдзе "Дакар" сёмы раз. Уладальнікам каманды выступае Мінскі аўтазавод, тэхнічным партнёрам — тэлекам-аператар velcom. Асноўная мэта — увайсці ў лік наймацнейшых экіпажаў па выніках ралі ў заліку грузавікоў. Марафон у гэтым годзе праходзіць па тэрыторыі трох краін — Перу, Балівіі і Аргенціны. Працягласць толькі хуткасных участкаў складае 3,5 тыс. км, прычым большая частка маршруту прыпадае на высакагор'е. Завершыцца гонка 20 студзеня ў аргенцінскай Кордабе.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН