Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2018/01/10/937377_937378/
Дата раздрукоўкі: 18.01.2018 22:37
10.01.2018 16:33 Эканоміка

У 2017 годзе зафіксаваная самая нізкая ў гісторыі суверэннай Беларусі інфляцыя

Мінск, 10 студзеня. Па выніках 2017 года зафіксаваная самая нізкая ў гісторыі суверэннай Беларусі інфляцыя — 4,6%.
Папярэдні рэкорд складаў 6,6% (у 2006 годзе). Інфляцыя ніжэйшая за 10% была зафіксаваная таксама ў 2005-м (8%) і 2010 гадах (9,9%). Хутчэй за ўсё цэны раслі ў 1993 і 1994 гадах (у 20 і 19,6 разу).

Паводле звестак Белстата, цэны на тавары і паслугі ў снежні 2017 года ў параўнанні з лістападам выраслі на 0,2%. У студзені года цэны павялічыліся на 0,9%, у лютым — на 0,5%, сакавіку — на 0,3%, красавіку — на 0,7%, маі — на 0,3%, чэрвені — на 0,7%. У ліпені і жніўні назіралася дэфляцыя, тады цэны знізіліся на 0,1 і 0,8% адпаведна. У верасні яны павысіліся на 0,3%, у кастрычніку — на 1,2%, у лістападзе — на 0,5%.

У снежні ў дачыненні да лістапада цэны на харчовыя тавары выраслі на 0,7% (за год — на 4,2%), на нехарчовыя — знізіліся на 0,9% (выраслі на 2%), на паслугі — выраслі на 0,5% (на 9,5%).

Афіцыйны прагноз уладаў прадугледжваў інфляцыю ў 2017 годзе ў межах 9%. Аднак, як паведаміў летам першы намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Круты, урад разлічвае, што да канца года інфляцыя не перавысіць 6—6,5%.

У 2016 годзе спажывецкія цэны выраслі на 10,6%.

Згодна з планамі ўрада, рост спажывецкіх цэн у 2018 годзе павінен скласці не больш за 6% (у першым квартале — 2,7%, за паўгоддзе — 4,1%, за тры кварталы — 4,3%).

Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016—2020 гады прадугледжана зніжэнне інфляцыі да 5%.

Раней у каментары БелаПАН кандыдат эканамічных навук Уладзіслаў Ярашэвіч заявіў, што прычынай нізкай інфляцыі з'яўляецца цвёрдая грашова-крэдытная палітыка. Робячы прагноз на наступны год, эксперт адзначыў: "Вядзецца палітыка па росце даходаў насельніцтва і росце заробкаў, асабліва ў бюджэтнай сферы. Адразу на 30% паднятыя аклады для нізкааплатных работнікаў гэтай сферы, заднім чыслом на тыя ж 30% павышаны аклады для прафесарска-выкладчыцкага складу. Не выключана, што такія рашэнні будуць прымацца і далей. І як яны будуць уплываць на інфляцыю, цяпер складана сказаць. Але, хутчэй за ўсё, інфляцыя будзе трохі паскарацца. Сур'ёзна ўзраслі і аб'ёмы спажывецкага крэдытавання. Рост даходаў будзе і далей працягвацца. Трэба мець на ўвазе і палітычныя кампаніі: мясцовыя выбары, не за гарамі і прэзідэнцкія. Думаю, што інфляцыя будзе расці, але хочацца верыць, што яна не перавысіць 10%".
Марына Носава, Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН