Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2018/01/11/937497_937498/
Дата раздрукоўкі: 20.01.2018 14:18
11.01.2018 13:50 Спорт, Эканоміка

Лідар каманды МАЗа Сяргей Вязовіч трымаецца ў тройцы наймацнейшых на ралі-рэйдзе "Дакар-2018"

Мінск, 11 студзеня. Беларускія экіпажы паспяхова пераадолелі пяты спецучастак сусветнага ралі-рэйду "Дакар-2018". Лідар каманды "МАЗ-СПОРТаўта" Сяргей Вязовіч, апярэдзіўшы амаль усе экіпажы, фінішаваў з чацвёртым часам, паведамілі ў ААТ "МАЗ".

Пяты спецучастак працягласцю 268 км, як і папярэднія, уключаў у сябе пясчаныя адрэзкі з дзюнамі. Шмат у чым з-за іх цяперашні "Дакар" ужо называюць "пякельным выпрабаваннем", хоць яшчэ не пройдзена і палова шляху. Бягучы заезд таксама аказаўся складаным, аднак беларускія экіпажы справіліся з ім без здарэнняў.

Сяргей Вязовіч праехаў спецучастак за 3 гадзіны 43 хвіліны, а на адным з кантрольных пунктаў нават паказаў першы час. Аднак бліжэй да фінішу ўсё ж саступіў пераможцу этапу — Эдуарду Нікалаеву на "КАМАЗе" — каля 6 хвілін. У агульным заліку лідар беларускай каманды трымаецца ў тройцы наймацнейшых, адстаючы ад лідара на 2 гадзіны 28 хвілін.

Аляксандр Васілеўскі патраціў на трасе каля 4 гадзін. Адстаўшы ад расійскага пілота на 22 хвіліны, ён заняў восьмае месца. У генеральнай класіфікацыі экіпаж знаходзіцца на 15-й пазіцыі і "вязе" лішнія дзевяць з паловай гадзін.

Аляксей Вішнеўскі фінішаваў 11-м, пераадолеўшы маршрут за 4 гадзіны 6 хвілін і прайграўшы 29 хвілін. У абсалютным заліку экіпаж знаходзіцца на 18-м радку з адставаннем у 30 гадзін. Сюды ўвайшлі і 24 гадзіны штрафнога часу, якія налічылі арганізатары за затрымку на мінулым этапе — тады ў грузавіка быў прабіты паддон з маслам.

Хуткасны ўчастак шостага этапу расцягнуўся на 313 км. Гоншчыкі перамесцяцца ў гарыстую Балівію, дзе паднімуцца на вышыню 2.500 м над узроўнем мора. Частка адрэзка пройдзе ўздоўж маляўнічага возера Тытыкака, а завершыцца дзень у Ла-Пасе.

Беларускія гоншчыкі ўдзельнічаюць у ралі-рэйдзе "Дакар" сёмы раз. Уладальнікам каманды выступае Мінскі аўтазавод, тэхнічным партнёрам — тэлекам-аператар velcom. Асноўная мэта — увайсці ў лік наймацнейшых экіпажаў па выніках ралі ў заліку грузавікоў. Марафон у гэтым годзе праходзіць па тэрыторыі трох краін — Перу, Балівіі і Аргенціны. Працягласць толькі хуткасных участкаў складае 3,5 тыс. км, прычым большая частка маршруту прыпадае на высакагор'е. Завершыцца гонка 20 студзеня ў аргенцінскай Кордабе.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН