Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2018/01/12/937635_12345/
Дата раздрукоўкі: 18.01.2018 22:23
12.01.2018 09:54 Палітыка, Грамадства

За захоўванне патрона экс-фігурант справы "Белага легіёна" Бяляўскі атрымаў год "дамашняй хіміі"

Мінск, 12 студзеня. Экс-фігурант справы "Белага легіёна" Андрэй Бяляўскі, які абвінавачваўся ў захоўванні патрона да аўтамата Калашнікава, прыгавораны да аднаго года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і без канфіскацыі маёмасці (т.зв. дамашняя хімія). Рашэнне вынес 12 студзеня суд Ленінскага раёна Мінска.
Тэрмін выканання прысуду будзе адлічвацца з дня пастаноўкі Бяляўскага на ўлік у выканаўчай інспекцыі.

Напярэдадні пракурор Аляксей Кісляк запытаў для Бяляўскага менавіта такое пакаранне. На думку дзяржабвінаваўцы, змякчальнымі абставінамі з'яўляюцца прызнанне абвінавачаным віны ў поўным аб'ёме, чыстасардэчнае раскаянне, а таксама атрыманыя судом станоўчыя характарыстыкі на яго. У сувязі з гэтым магчымае прымяненне самай мяккай санкцыі крымінальнага артыкула, падкрэсліў Кісляк.

Адвакат Бяляўскага Вадзім Мушынскі у сваю чаргу лічыў магчымым выкарыстаць у дачыненні да падабароннага больш мяккае пакаранне — штраф. Паводле слоў адваката, у Бяляўскага досыць змякчальных абставінаў. "Нейкіх мэтаў у дачыненні да гэтага патрона ў яго абсалютна не было, ён не збіраўся правяраць патрон на баяздольнасць або выкарыстоўваць па прамым прызначэнні", — сказаў абаронца.

Мушынскі таксама адзначыў, што дзеянні яго падабароннага "не носяць ярка выражанага крымінальнага характару, а ўчыненае ім дзеянне мае вельмі малую ступень грамадскай небяспекі, калі мае наогул".

Апошняе слова Бяляўскага было кароткім: "Я свае неабдуманыя дзеянні ўсвядоміў, у чым раскайваюся".

Раней у судзе Бяляўскі патлумачыў, што ў 2013 годзе купіў у горадзе Рэчыца Гомельскай вобласці аўтамабіль, у якім праз некаторы час знайшоў гэты патрон. Ён забраў патрон дадому, паклаў яго ў шуфляду і ні разу не даставаў. "Ён увесь час там валяўся. Захоўваў яго як сувенір", — сказаў абвінавачаны. Паводле слоў Бяляўскага, ён выкінуў бы патрон пры першай магчымасці, калі б успомніў пра яго. Падсудны таксама дадаў, што не быў дакладна ўпэўнены ў тым, ці прыгодны боепрыпас да выкарыстання.

Патрон выявілі аператыўнікі падчас вобшуку ў доме Бяляўскага вясной 2017 года, калі ён быў фігурантам "справы патрыётаў".

Бяляўскі быў затрыманы 28 сакавіка 2017 года і абвінавачаны паводле ч. 3 арт. 293 КК (навучанне і падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). 2 чэрвеня адпушчаны з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе. У тым жа месяцы справа аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, заведзеная напярэдадні Дня Волі 25 сакавіка, была спыненая, а другая распачатая крымінальная справа (аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання) — перададзеная з КДБ у Следчы камітэт. 27 лістапада СК спыніў справу аб узброеным фармаванні ў сувязі з тым, што, як было ўстаноўлена, дзеянні фігурантаў не былі накіраваныя на гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу.

Новая крымінальная справа — па факце знойдзенага ў Бяляўскага патрона — была распачатая ў пачатку снежня.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН