Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2018/01/12/937778_937779/
Дата раздрукоўкі: 18.01.2018 22:22
12.01.2018 20:36 Эканоміка, Фінансы

Нацбанк: Найважнейшым фактарам зніжэння інфляцыі сталі невысокія тэмпы грашовай прапановы

Мінск, 12 студзеня. Найважнейшым фактарам зніжэння інфляцыі сталі невысокія тэмпы росту грашовай прапановы, забяспечаныя ў ходзе рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі ў рэжыме манетарнага таргетавання, заявілі БелаПАН у прэс-службе Нацбанка, каментуючы выніковыя дадзеныя па інфляцыі ў 2017 годзе, якая склала 4,6% і стала самай нізкай у гісторыі суверэннай Беларусі.
У галоўным банку краіны адзначылі, што ў аснове запаволення інфляцыйных працэсаў ляжыць мэтанакіраваная палітыка ўрада і Нацыянальнага банка па ліквідацыі назапашаных у папярэднія гады дысбалансаў, павышэнні макраэканамічнай збалансаванасці і забеспячэнні манетарнай стабільнасці.

Па меры аслаблення негатыўнага ўплыву знешніх фактараў стабілізавалася сітуацыя на ўнутраным валютным рынку, што дазволіла стабілізаваць курс нацыянальнай валюты і знізіць дэвальвацыйныя чаканні, працягнулі ў Нацбанку.

"Меры ў галіне макраэканамічнага рэгулявання былі сканцэнтраваныя на забеспячэнні апераджальнага росту прадукцыйнасці працы ў параўнанні з ростам заработнай платы, што сфарміравала слабы попыт на ўнутраным рынку", — паведамілі ў прэс-службе рэгулятара.

Стымуляванне суб'ектаў гаспадарання да павышэння эфектыўнасці сваёй гаспадарчай дзейнасці, перш за ўсё ў частцы выдаткаў, дазволіла паменшыць рост адміністрацыйна рэгуляваных цэн і тарыфаў, дадалі ў Нацбанку. У выніку прынятых мер удалося знізіць узровень інфляцыі і па выніках 2016 года (да 10,6%), і па выніках 2017 года (да 4,6%).

"Больш хуткаму, чым першапачаткова меркавалася, запаволенню інфляцыі садзейнічалі спрыяльныя знешнія ўмовы. Станоўчыя тэмпы росту ў Расійскай Федэрацыі спрыялі аднаўленню знешняга попыту на беларускую прадукцыю, што на фоне паляпшэння кан'юнктуры на сыравінным, таварным і фінансавым рынках забяспечыла стабільную дынаміку беларускага рубля на працягу большай часткі 2017 года", — адзначылі ў Нацбанку.

У сукупнасці гэтыя фактары прывялі да паступовага памяншэння інфляцыйных чаканняў (хоць яны па-ранейшаму застаюцца на досыць высокім узроўні), што таксама стала адным з ключавых фактараў паляпшэння сітуацыі ў цэнаўтварэнні, рэзюмавалі ў Нацбанку.

Паводле звестак Белстата, цэны на тавары і паслугі ў снежні 2017 года ў параўнанні са снежнем 2016 года выраслі на 4,6%. Цэны на харчовыя тавары павялічыліся на 4,2%, на нехарчовыя тавары — на 2%, на паслугі — на 9,5%.

Да гэтага мінімальны ўзровень інфляцыі быў зафіксаваны ў 2006 годзе і складаў 6,6%. Хутчэй за ўсё цэны раслі ў 1993 годзе (у 21 раз).

Згодна з планамі ўрада рост спажывецкіх цэн у 2018 годзе павінен скласці не больш за 6% (у першым квартале — 2,7%, за паўгоддзе — 4,1%, за тры кварталы — 4,3%).

Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016—2020 гады прадугледжана зніжэнне інфляцыі да 5%.

Кіраўніцтва Нацбанка, прызначанае ў канцы 2014 года, адмовілася ад практыкі таргетавання абменнага курсу беларускага рубля і з 2015 года прытрымліваецца рэжыму манетарнага таргетавання, што мае на ўвазе кантроль за велічынёй грашовай масы з мэтай стрымлівання інфляцыі.
Аляксандр Ярашэвіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН