Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2018/01/19/938683_222333/
Дата раздрукоўкі: 21.02.2018 00:22
19.01.2018 10:47 Палітыка

Назарбаеў паведаміў, што Трамп прапанаваў перанесці перамовы аб урэгуляванні канфлікту ва Украіне з Мінска ў іншае месца

Мінск, 19 студзеня. Перамовы аб урэгуляванні канфлікту на ўсходзе Украіны могуць быць перанесеныя з Мінска ў іншае месца, заявіў 18 студзеня прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў на прэс-канферэнцыі паводле вынікаў пасяджэння Савета бяспекі ААН у Нью-Ёрку.

Згодна з яго словамі, такая прапанова прагучала з вуснаў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. "Мінск-1 застопарыўся, у тупіку", — сказаў Назарбаеў і дадаў, што "ўвогуле гэта першапачаткова павінна было быць у Казахстане".

16 студзеня казахстанскі лідар прыбыў у ЗША з афіцыйным візітам, у межах якога сустрэўся з Трампам.

"Дамовіліся, што ў гэтым напрамку будзем працаваць", — паведаміў Назарбаеў. Адным з асноўных пытанняў, паводле яго слоў, можа стаць увядзенне "блакітных касак" у Данецк і Луганск, паведамляе сайт тэлерадыёкампаніі "Нямецкая хваля".

Чарговыя перамовы трохбаковай кантактнай групы аб урэгуляванні сітуацыі ва Украіне адбыліся ў Мінску 18 студзеня. Паводле іх вынікаў спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ ў кантактнай групе Марцін Сайдзік паведаміў, што бакі канфлікту абмяркоўваюць перспектывы далейшага абмену палоннымі. Паводле яго слоў, першы за 15 месяцаў паспяховы абмен палоннымі, які адбыўся 27 снежня, кажа пра тое, што "пры наяўнасці палітычнай волі бакі канфлікту могуць прыйсці да згоды нават па самых складаных пытаннях". Сайдзік падкрэсліў, што з моманту апошняй сустрэчы кантактнай групы прайшоў амаль месяц, але праца ў гэты перыяд не спынялася.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН