Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2018/01/20/938934_938935/
Дата раздрукоўкі: 21.02.2018 00:22
20.01.2018 16:17 Палітыка

Кіраўнік МЗС Украіны прызнаў зручнасць Мінска як пляцоўкі для пасяджэнняў кантактнай групы

Мінск, 20 студзеня. Месца правядзення пасяджэнняў кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе не мае значэння для іх выніковасці. Пра гэта ў пятніцу, 19 студзеня, заявіў кіраўнік МЗС Украіны Павел Клімкін у эфіры тэлеканала "Інтэр", перадае інтэрнэт-рэсурс "Страна.ua".

"На самой справе месца фармату не мае асаблівага значэння. Важна, што мы не рухаемся наперад у нашым працэсе", — заявіў Клімкін, абвінаваціўшы ў гэтым Расію.

У той жа час кіраўнік украінскага МЗС прызнаў зручнасць Мінска як пляцоўкі для пасяджэнняў кантактнай групы. "Чаму быў абраны Мінск? Гэта адносная нейтральнасць Беларусі, гэта добрая лагістыка — менш за гадзіну (палёту ад Кіева да Мінска). Вядома, пэўныя праблемы з бяспекай, але мы іх можам кантраляваць", — адзначыў ён.

Пры гэтым, на думку Клімкіна, сталіца Казахстана Астана для правядзення перамоў знаходзіцца занадта далёка.

Раней прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў расказаў, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас сустрэчы з ім заявіў аб мэтазгоднасці пераносу з Мінска перамоў па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе.

На заяву Назарбаева аб магчымым пераносе перамоў па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне з Мінска ў іншае месца 19 студзеня таксама адрэагавала МЗС Беларусі. Міністр замежных спраў Уладзімір Макей заявіў, што Беларусь за лаўрамі міратворцы не гоніцца ў адрозненне ад іншых.

На думку Макея, "наўрад ці што-небудзь залежыць ад месца правядзення перамоў". "Перамовы па Украіне можна перанесці хоць у Антарктыду, калі будзе ўпэўненасць у іх поспеху", — заявіў міністр. "Але для з`яўлення гэтай упэўненасці трэба, каб усе ўцягнутыя ў гэты канфлікт бакі, а таксама нібыта "староннія", але вельмі зацікаўленыя дзяржавы былі шчыра нацэленыя на спыненне кровапраліцця", — дадаў Макей.

Ён нагадаў, што "не Беларусь напрошвалася ў якасці пляцоўкі для правядзення перамоў па Украіне, а кіраўнікі краін "нармандскай чацвёркі" выказалі просьбу да прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі прыняць у сябе ўдзельнікаў сустрэч па ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту".

У сваю чаргу ў Крамлі напярэдадні заявілі, што прыхільнасць да мінскіх дамоўленасцяў больш важная, чым выбар горада для абмеркавання мер па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне. "У дадзеным выпадку месца перамоў [па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне] не мае вялікага значэння", — сказаў журналістам прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН