Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2018/02/05/941388_941389/
Дата раздрукоўкі: 18.02.2018 04:30
05.02.2018 17:05 Спорт

Беларуская асацыяцыя спартыўнай прэсы намінавала Дар'ю Домрачаву на прыз World Fair Play Awards за 2018 год

Мінск, 5 лютага. Беларуская асацыяцыя спартыўнай прэсы намінавала біятланістку Дар'ю Домрачаву на прыз World Fair Play Awards імя П'ера дэ Кубертэна.

Заяўка адпраўлена ў Міжнародны камітэт Fair Play (CIFP) у Будапешт.

20 студзеня ў гонцы пераследу на шостым этапе Кубка свету ў Антхольцы (Італія) Домрачава не стала перад фінішам абганяць прадстаўніцу гаспадароў Даратэю Вірэр, з рукі якой у запале барацьбы выбіла лыжную палку. Беларуская спартсменка фінішавала трэцяй, яе саперніца — другой.

"На мой погляд, было б несумленна змагацца са спартсменам без палкі, якая страчана па маёй віне", — заявіла Домрачава.

CIFP быў заснаваны ў 1963 годзе ў Парыжы з ініцыятывы ЮНЕСКА і шэрагу міжнародных спартыўных арганізацый. Узнагароды ўручаюцца ў трох намінацыях: імя П'ера дэ Кубертэна (заснавальнік сучасных Алімпійскіх гульняў) — спартсмену або камандзе за выбітны акт fair play, імя Жана Баротра (французская тэнісіст) — спартсмену за жыццё і кар'еру ў духу fair play, імя Вілі Даўме (віцэ-прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта ў 1972—1976 гадах, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта ФРГ у 1961—1992 гадах) — арганізацыі або спартсмену за прапаганду ідэй fair play. Яшчэ адзін прыз уручаецца маладым спартсменам пад патранажам прэзідэнта МАК.

З беларускіх спартсменаў World Fair Play Awards (імя Жана Баротра) раней удастойваўся барэц вольнага стылю Аляксандр Мядзведзь (у 1983 годзе).
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН