Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2018/02/06/eu_eu_941479_557489/
Дата раздрукоўкі: 18.02.2018 04:31
06.02.2018 12:35 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

7—8 лютага Беларусь наведае прэм'ер-міністр Латвіі Марыс Кучынскіс

Мінск, 6 лютага. Прэм'ер-міністр Латвіі Марыс Кучынскіс наведае Беларусь 7—8 лютага з рабочым візітам. Ён сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам, прэм'ер-міністрам Андрэем Кабяковым, а таксама старшынямі верхняй і ніжняй палат Нацыянальнага сходу Міхаілам Мясніковічам і Уладзімірам Андрэйчанкам, паведамляе сайт латвійскага ўрада.
Падчас сустрэчы плануецца абмеркаваць пытанні двухбаковага і рэгіянальнага супрацоўніцтва, важныя для абедзвюх краін, а таксама засяродзіцца на актуальных пытаннях супрацоўніцтва паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю, адзначаецца ў паведамленні.

Чакаецца, што Марыс Кучынскіс і Андрэй Кабякоў падпішуць міжурадавыя пагадненні аб паведамленні аб ядзерных інцыдэнтах, абмене інфармацыяй і супрацоўніцтве ў галіне ядзернай бяспекі і радыяцыйнай абароны, аб супрацоўніцтве ў галіне грамадзянскай авіяцыі, а таксама мемарандум аб узаемаразуменні па асноўных напрамках эканамічнага супрацоўніцтва ў сярэднетэрміновай перспектыве.

Акрамя таго, падчас візіту плануецца падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам аховы навакольнага асяроддзя і рэгіянальнага развіцця Латвіі і Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі на 2018—2022 гады. Міністэрства адукацыі і навукі Латвіі плануе падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве з Міністэрствам спорту і турызму і Дзяржкамітэтам па навуцы і тэхналогіях Беларусі.

Праграмай візіту прадугледжаныя сустрэчы Кучынскіса з кіраўнікамі вядучых беларускіх лагістычных кампаній, наведванне кітайска-беларускага індустрыяльнага парку "Вялікі камень" і Парку высокіх тэхналогій.

Папярэдні візіт прэм'ер-міністра Латвіі ў Беларусь адбыўся дзевяць гадоў таму: 18—19 лютага 2009 года Беларусь з рабочым візітам наведаў кіраўнік урада Іварс Годманіс.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН