Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2018/02/07/941610_102458/
Дата раздрукоўкі: 21.02.2018 06:35
07.02.2018 09:50 Эканоміка, Фінансы

За студзень ЗВР Беларусі скараціліся амаль на 840 млн долараў

Мінск, 7 лютага. За студзень 2018 года золатавалютныя рэзервы Беларусі знізіліся на 837,9 млн долараў ЗША (на 11,5%) і на 1 лютага, паводле папярэдніх звестак, склалі 6 млрд 477,4 млн долараў ЗША, паведамляе Нацыянальны банк.
Як растлумачылі ва ўпраўленні інфармацыі галоўнага банка краіны, зніжэнне ўзроўню ЗВР паводле вынікаў студзеня абумоўленае планавым пагашэннем урадам і Нацыянальным банкам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце прыкладна на 1,4 млрд долараў ЗША, з якіх 835,8 млн долараў ЗША склалі абавязацельствы Рэспублікі Беларусь па дзяржаўных аблігацыях, размешчаных на міжнародным фінансавым рынку.

Падтрыманню ўзроўню золатавалютных рэзерваў у студзені спрыялі паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, паступленне сродкаў ад продажу Нацбанкам і Мінфінам аблігацый, намінаваных у замежнай валюце. Станоўчы ўплыў на ўзровень рэзерваў таксама зрабіла павелічэнне кошту манетарнага золата.

Як перадаваў БелаПАН, у студзені Беларусь пагасіла выпуск еўрааблігацый 2011 года. "22 студзеня 2018 года адначасова з апошняй выплатай купоннага даходу на суму 35,8 млн долараў ЗША Міністэрства фінансаў накіравала сродкі плацежнаму агенту (Deutsche Bank AG, London) на пагашэнне выпуску дзяржаўных аблігацый, размешчаных на міжнародным фінансавым рынку 26 студзеня 2011 года, на суму 800 млн долараў ЗША", — паведаміла фінансавае ведамства.

У цэлым на пагашэнне і абслугоўванне знешняга дзяржаўнага доўгу Беларусь у 2018 годзе павінна накіраваць 3,1 млрд долараў. Асноўныя выплаты звязаныя з валютнымі абавязацельствамі перад Расіяй і інвестарамі, якія раней купілі беларускія еўрабонды.

За 2017 год золатавалютныя рэзервы Беларусі ў вызначэнні стандарту МВФ павялічыліся на 2,4 млрд долараў (на 48,5%) да 7 млрд 315,3 млн долараў ЗША (у эквіваленце).

Паводле асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год аб`ём ЗВР Беларусі на 1 студзеня 2019 года з улікам пагашэння урадам і Нацыянальным банкам унутраных і знешніх абавязацельстваў у замежнай валюце павінен скласці не менш як 6 млрд долараў ЗША.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН