Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2018/02/13/942518_942519/
Дата раздрукоўкі: 21.02.2018 06:30
13.02.2018 13:35 Эканоміка

Лукашэнка запатрабаваў ад урада не дапускаць перабояў у фінансаванні арміі

Мінск, 13 лютага. Аляксандр Лукашэнка 13 лютага на пасяджэнні Савета бяспекі запатрабаваў ад урада не дапускаць перабояў у фінансаванні арміі.

"За апошнія некалькі гадоў была праведзена істотная праца па падтрыманні беларускіх злучэнняў і вайсковых часцей у боегатовым стане, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — У армію пастаўляюцца найноўшыя распрацоўкі айчыннага і сусветнага ваенпрама, арганізуецца інтэнсіўная баявая падрыхтоўка. Вядома, усё гэта каштуе вялікіх грошай. Ураду варта ўважліва суадносіць неабходнае і магчымае. Аднак і перабояў у фінансаванні Узброеных сіл быць не павінна, асабліва ў дачыненні да ўзбраення і абсталявання".

Перад Міністэрствам абароны прэзідэнт паставіў задачу набываць самае неабходнае, размяркоўваць сродкі з максімальнай эфектыўнасцю і не дапускаць "размазвання" грошай.

"Папярэджваю міністра абароны, і на гэта мною будзе звернута асаблівая ўвага: усё, што ёсць у арміі (а ў арміі ёсць нямала), пачынаючы ад стралковай зброі, бронетэхнікі і заканчваючы лятальнымі апаратамі і ракетамі, павінна быць у ідэальным стане. Скаргі на тое, што дзесьці шасцярэнькі ў танку або ў БМП, БТР не хапае ці дзесьці ствол падрапаны, не прымаюцца. Вы павінны быць сапраўднымі гаспадарамі і берагчы маёмасць: гэта сёння нятанна каштуе, а яна нам вельмі патрэбна", — заявіў Лукашэнка.

Ён сказаў таксама, што рэфармаванне Узброеных сіл не павінна вылівацца ў бясконцы працэс, падмяняць сабой рэальнае развіццё і ўмацаванне арміі. "Думаю, што праверка Узброеных сіл, якая цяпер праводзіцца, дазволіць ацаніць рэальны стан іх баявой гатоўнасці", — падкрэсліў Лукашэнка.

Гаворачы пра абаронную прамысловасць, кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што прыняты дастаткова жорсткія, але своечасовыя меры па развіцці ваенна-прамысловага комплексу. Паводле яго слоў, у краіне ўдалося стварыць крэатыўны кластар у асобе генеральных канструктараў і спецыялістаў ваенных вытворчасцяў.

Ім, як адзначыў Лукашэнка, удалося прасунуцца ў новых галінах. Гэта — ракетабудаванне, стварэнне сучасных зенітных ракетных комплексаў, браніраванай тэхнікі. Гэтыя віды ўзбраенняў запатрабаваныя не толькі ў Беларусі, але і на сусветным рынку.

"Аднак наперадзе яшчэ нямала трэба будзе зрабіць. Новыя пакаленні ўзбраенняў, беспілотныя комплексы, радыёэлектронныя сродкі, робататэхніка — гэта няпоўны пералік таго, над чым мы працуем і трэба будзе яшчэ працаваць. Патрабуецца і больш актыўнае ўкараненне ў вытворчы цыкл найноўшых распрацовак, скарачэнне тэрмінаў іх давядзення да серыйнага выпуску", — сказаў Лукашэнка.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН