Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2018/02/14/942781_550147/
Дата раздрукоўкі: 21.02.2018 06:37
14.02.2018 15:33 Эканоміка

У ЕАЭС прынятыя адзіныя ветэрынарна-санітарныя патрабаванні для жывёлагадоўчых прадпрыемстваў

Мінск, 14 лютага. У Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) прынятыя адзіныя ветэрынарна-санітарныя патрабаванні для жывёлагадоўчых прадпрыемстваў і ствараецца адзіны рэестр гатункаў сельскагаспадарчых раслін.

Як паведаміла прэс-служба Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК), шэраг рашэнняў па фармаванні агульнай інфармацыйнай базы ў аграпрамысловым комплексе ЕАЭС, а таксама ў сферы ветэрынарнага і санітарнага кантролю былі прынятыя на пасяджэнні калегіі ЕЭК 13 лютага ў Маскве.

Зацверджаныя адзіныя ветэрынарна-санітарныя патрабаванні, што выстаўляюцца да аб'ектаў, якія падлягаюць ветэрынарнаму кантролю і нагляду. Член калегіі (міністр) па тэхнічным рэгуляванні ЕЭК Валерый Карашкоў падкрэсліў: "Сфармаваная адзіная нарматыўная база, якая вызначае правілы працы для ўсіх прадпрымальнікаў, што займаюцца вытворчасцю, перапрацоўкай і захоўваннем мяса, масла, малака, яек і іншых тавараў жывёльнага паходжання. Адпаведнасць прынятым патрабаванням з'яўляецца падставай уключэння ў саюзны рэестр і дазваляе свабодна гандляваць у краінах еўразійскай пяцёркі".

Раней патрабаванні вызначаліся нацыянальным заканадаўствам. Адсутнасць адзіных стандартаў на ўзроўні ЕАЭС, адзначае прэс-служба, прыводзіла да супярэчнасцяў пры прыняцці рашэнняў, у тым ліку аб уключэнні ў саюзны рэестр прадпрыемстваў, і, як следства, абмяжоўвала магчымасці для выхаду на агульны рынак ЕАЭС. Прыняты дакумент уключае як ветэрынарна-санітарныя патрабаванні агульнага характару, якія апісваюць працэс вырошчвання або ўтрымання жывёл, так і галіновыя — да прадпрыемстваў, што займаюцца ўтрыманнем буйной рагатай жывёлы, свіней, авечак, пушных звяроў, птушкі, рыбы, пчол. Акрамя таго, у дакуменце ўтрымліваюцца адзіныя патрабаванні да прадпрыемстваў па забоі прадуктыўных жывёл, вытворчасці, перавозцы і захоўванні тавараў жывёльнага паходжання і кармоў і г. д.

Прыняты таксама пералік ветэрынарных лекавых сродкаў (фармакалагічна актыўных рэчываў), рэшткі якіх могуць утрымлівацца ў неперапрацаванай харчовай прадукцыі жывёльнага паходжання, у тым ліку ў сыравіне. Акрамя таго, прынятыя методыкі іх вызначэння. У пералік уключаныя 82 ветэрынарныя лекавыя сродкі з указаннем максімальна дапушчальных узроўняў утрымання, а таксама методык іх выяўлення. Дакумент будзе выкарыстоўвацца пры правядзенні вытворчага і дзяржаўнага нагляду і кантролю.

"Рашэнне камісіі дазволіць зняць неабгрунтаваныя бар'еры ва ўзаемным гандлі, павысіць празрыстасць пры абарачэнні харчовых тавараў на адзіным еўразійскім рынку", — падкрэсліла прэс-служба. Рашэнне ўвойдзе ў сілу праз 30 каляндарных дзён з даты яго афіцыйнага апублікавання.

Акрамя гэтага, зацверджаны парадак фармавання і вядзення адзінага рэестра гатункаў сельскагаспадарчых раслін. ЕЭК на падставе звестак з нацыянальных рэестраў гатункаў (селекцыйных дасягненняў) створыць адзіны рэестр ў электронным выглядзе з выкарыстаннем інтэграванай інфармацыйнай сістэмы ЕАЭС. У пераліку будзе ўтрымлівацца інфармацыя аб родзе і відзе сельскагаспадарчых расліны, назве гатунку, яго гаспадарчых і біялагічных характарыстыках, глебава-кліматычных зонах, прыдатных для вырошчвання гатунку і г. д. Акрамя таго, парадкам усталёўваюцца працэдуры ўзаемадзеяння ўпаўнаважаных органаў краін саюза і ЕЭК пры фармаванні і вядзенні адзінага рэестра.

Вынікам працы стане стварэнне адзінага ў межах саюза адкрытага інфармацыйнага рэсурсу аб гатунках сельскагаспадарчых раслін, дапушчаных або рэкамендаваных да выкарыстання ў дзяржавах-членах. Выкарыстанне гэтай інфармацыі спецыялістамі аграпрамысловага комплексу, экспертамі і селекцыянерамі, прадстаўнікамі нацыянальных урадаў будзе садзейнічаць укараненню ў гаспадарчы абарот новых высокапрадукцыйных гатункаў і развіццю насенняводства на еўразійскай прасторы, адзначыла прэс-служба.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН