Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2007/10/08/191511_191516/
Дата раздрукоўкі: 05.12.2020 08:02
08.10.2007 15:11 Грамадства, Палітыка

Вярхоўны суд не задаволіў скаргу "Маладога фронту" наконт адмовы ў рэгістрацыі

Мінск, 8 кастрычніка. Вярхоўны суд Беларусі не задаволіў скаргу праўлення грамадскага аб'яднання "Малады фронт" наконт адмовы ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама ў рэгістрацыі. Такое рашэння прыняла 8 кастрычніка калегія ВС.

Гэтая скарга з'яўляецца касацыйнай на рашэнне гарадскога суд Мінска, які прызнаў правамернай адмову ў рэгістрацыі. Упраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама лічыць, што палажэнне статута "Маладога фронту" не адпавядае заканадаўству ў частцы ўдзелу ў аб'яднанні грамадзян Беларусі, якія жывуць за мяжой, а таксама ўдзелу членаў арганізацыі ў масавых мерапрыемствах.

Вярхоўны суд прызнаў правамерным рашэнне Мінскага гарадскога суда, матывуючы гэта тым, што некаторыя з заснавальнікаў "Маладога фронту" раней прыцягваліся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці. На думку калегіі Вярхоўнага суда, яны не могуць быць заснавальнікамі грамадскага аб'яднання.

Прадстаўнік арганізацыі Анастасія Лойка назвала такое рашэнне "дыскрымінацыйным". "Гэтыя людзі былі асуджаны і ўжо панеслі пакаранне. Яны былі асуджаныя за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі (артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі). Тым не менш, нам ужо які раз не даюць магчымасці зарэгістравацца, ад чаго і ўзнікаюць крымінальныя справы. Атрымліваецца замкнутае кола", — заявіла А.Лойка.

"Малады фронт" мае намер скардзіцца ў міжнародныя структуры, у прыватнасці ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Сяргей Пульша, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239