Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2007/11/28/200040_200041/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2018 10:30
28.11.2007 10:19 Грамадства

У аснове прычын самазабойстваў у Беларусі ляжаць сацыяльныя аспекты, заяўляюць спецыялісты

Мінск, 28 лістапада. Генеральнай пракуратурай Беларусі і Навукова-практычным цэнтрам праблем умацавання законнасці і правапарадку абагульнены прычыны здзяйснення самазабойстваў.

Як паведамілі ў прэс-цэнтры Генпракуратуры, вынікі вывучэння практыкі вырашэння матэрыялаў і расследавання крымінальных спраў аб суіцыдах паказалі, што ў аснове прычын самазабойстваў ляжаць сур'езныя сацыяльныя аспекты. Для вырашэння гэтай праблемы спецыялісты лічаць неабходным выпрацаваць дзяржаўную стратэгію папярэджання самазабойстваў, заснаваную на ажыццяўленні дзяржаўных сацыяльных мер, скіраваных на зніжэнне ўзроўню беспрацоўя, актыўную прапаганду і ўкараненне здаровага ладу жыцця, умацаванне маральных устояў грамадства і сацыяльнай абароны насельніцтва, выкарыстанне замежнага вопыту папярэджання суіцыдаў.

Згодна са статыстыкай, у 2004 годзе ў Беларусі было зарэгістравана 3.411 самазабойстваў, у 2005 годзе — 3.021, у 2006 годзе — 3.093. Найбольшая ўдзельная вага суіцыдаў у агульнай колькасці смерцяў у 2006 годзе зафіксавана ў Гродзенскай вобласці, найменшая — у Мінску.

Абагульненне паказала, што ў краіне знізілася ўдзельная вага самазабойстваў непаўналетніх у агульнай колькасці самазабойстваў з 2,4% у 2004 годзе да 1,4% у 2006 годзе. За гэты ж перыяд адбылося змяншэнне (з 63 выпадкаў да 38) колькасці самазабойстваў непаўналетніх ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў. У цэлым за тры гады колькасць самазабойстваў непаўналетніх скарацілася амаль у два разы — з 82 да 42.

Аналіз паказаў, што схільнасць да суіцыду залежыць ад сацыяльнага статусу людзей, ступені іх уладкаванасці ў грамадстве, узроўню сацыяльна-бытавых зносінаў і матэрыяльнай забяспечанасці. Найбольш распаўсюджанымі спосабамі здзяйснення самазабойстваў з'яўляюцца: павешанне (82,6%), падзенне з вышыні (7,4%), выкарыстанне зброі і іншых прыстасаванняў (3,6%).

Матэрыялы праверак сведчаць аб тым, што дамінавальным фактарам, які спрыяе добраахвотнаму сыходу з жыцця, з'яўляецца злоўжыванне спіртнымі напоямі. На працягу трох гадоў колькасць асоб, якія здзейснілі самазабойства ў стане алкагольнага ап'янення, складае ў сярэднім прыблізна 61%. З агульнай колькасці асоб, якія прынялі такое рашэнне, на ўліку ў псіханеўралагічных установах знаходзіліся 7,6%.

Прычынай самазабойства непаўналетніх з'яўляюцца, як правіла, іх псіхалагічная нясталасць, няправільная ацэнка значнасці неспрыяльных падзей, дэпрэсіўны стан.

Паводле вынікаў праведзенага абагульнення генеральным пракурорам накіравана інфармацыя прэм'ер-міністру Беларусі.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН