Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2008/03/27/221381_221386/
Дата раздрукоўкі: 26.09.2020 08:49
27.03.2008 17:41 Палітыка, Грамадства

Замежныя СМІ, у рэдакцыях якіх праводзіліся вобыскі, не маюць акрэдытацыі ў Беларусі, заяўляе беларускае МЗС

Мінск, 27 сакавіка. Замежныя СМІ, у рэдакцыях якіх 27 сакавіка праводзіліся вобыскі, не маюць акрэдытацыі ў Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў заяве начальніка аддзела прэс-службы беларускага МЗС Марыі Ваньшынай.

Нагадаем, сёння раніцай пачаліся масавыя вобыскі ў Мінску, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне і іншых гарадах Беларусі. Яны праводзіліся на здымных і асабістых кватэрах журналістаў, якія супрацоўнічаюць з "Радыё Рацыя", польскім тэлеканалам "Белсат", а таксама іншымі СМІ — замежнымі і недзяржаўнымі беларускімі. Падчас вобыскаў у журналістаў канфіскавалі аргтэхніку і розныя носьбіты інфармацыі.

"Хачу адразу нагадаць, што дзейнасць замежных журналістаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь рэгламентуецца законам "Аб сродках масавай інфармацыі". Ён прадугледжвае, што, як і ў многіх іншых краінах свету, у Беларусі журналістам замежных мас-медыя для працы патрабуецца акрэдытацыя, — сказала М.Ваньшына. — Што ж да тых замежных медыяструктур, назвы якіх цяпер узгадваюцца ў СМІ, то магу афіцыйна заявіць, што іх прадстаўнікі не маюць акрэдытацыі для працы ў Беларусі".

Ваньшына падкрэсліла, што ў гэтым выпадку гаворка ідзе "аб нейкіх прыватных асобах з ліку беларускіх грамадзян, якія доўгі час за замежныя грошы незаконна займаліся журналісцкай дзейнасцю на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь". "Але, згадзіцеся, гэта ж не робіць іх журналістамі замежных медыя?! Як казалі нашы мудрыя продкі: не кожны той манах, хто ў расе, — вобразна выказалася начальнік аддзела прэс-службы. — Нелегальны характар дзейнасці згаданых асоб у Беларусі ніколі не ўтойвалі і іх замежныя гаспадары, неаднаразова і прама заяўляючы аб гэтым у прэсе". "Зыходзячы з гэтага лагічна, што дадзенай сітуацыяй цяпер займаюцца адпаведныя структуры Рэспублікі Беларусь", — рэзюмавала М.Ваньшына.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239