Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2008/04/15/225287_225313/
Дата раздрукоўкі: 19.06.2019 11:46
15.04.2008 15:59 Эканоміка

Беларускі дзяржаўны GSM-аператар "БеСТ" у лютым—сакавіку падключыў толькі крыху больш як 1 тыс. абанентаў

Мінск, 15 красавіка. Беларускі дзяржаўны GSM-аператар ЗАТ "Беларуская сетка тэлекамунікацый" ("БеСТ") пасля двухмесячнага перапынку абнародаваў статыстыку аб дынаміцы сваёй абаненцкай базы і інфраструктуры па стане на 1 красавіка 2008 года. Адсутнасць да гэтага часу такой інфармацыі "БеСТ" тлумачыў тэхнічнымі прычынамі.

Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе "БеСТ", цяпер у аператара 184.611 абанентаў — на 1.011 больш, чым на 1 лютага 2008 года. Колькасць базавых станцый за два месяцы ўзрасла на 15 — да 350 адзінак.

Аб'ём пакрыцця сувяззю "БеСТ" не змяніўся і па-ранейшаму складае 24% тэрыторыі Беларусі, дзе жыве 61% насельніцтва краіны.

"БеСТ" працягвае планавыя работы па пашырэнні пакрыцця ў рэгіёнах. 15 красавіка на карце аператара з'явіліся два новыя гарады — Валожын (Мінская вобласць) і Глуск (Магілёўская вобласць).

Нядаўна буйнейшы турэцкі сотавы аператар "Turkcell" заявіў аб намеры набыць кампанію "БеСТ". "Савет дырэктараў "Turkcell" 10 красавіка прыняў рашэнне правесці неабходную падрыхтоўку і прадставіць акцыянерам Беларускай тэлекамунікацыйнай сеткі ("БеСТ") свае прапановы аб набыцці кантрольнага пакета акцый кампаніі", — гаворыцца ў афіцыйнай заяве, размешчанай на сайце кампаніі "Turkcell". У ЗАТ "БеСТ" магчымасць і ўмовы здзелкі з "Turkcell" не каментуюць.

Тым часам у Мінсувязі Беларусі канстатуюць, што беларускі рынак мабільнай сувязі практычна насычаны. Колькасць абанентаў сотавай сувязі GSM складае каля 7,2 млн. чалавек. Пры гэтым у зацверджанай урадам праграме развіцця сувязі прадугледжана, што колькасць карыстальнікаў сотавай сувязі да 2010 года дасягне 8 млн.

Даведка БелаПАН. ЗАТ "БеСТ" ажыццяўляе камерцыйную эксплуатацыю сеткі сотавай сувязі і падключэнне абанентаў з 21 снежня 2005 года. Прадпрыемства зарэгістравана ў лістападзе 2004 года. Заснавальнікамі выступілі НДІ сродкаў аўтаматызацыі ДНВА "Агат" і РУП "Белтэлекам" з долямі ў статутным фондзе 75 і 25% адпаведна. Па выніках 2007 года абаненцкая база ЗАТ "БеСТ" склала 181,6 тыс., з іх 119,6 тыс. падключыліся ў 2007 годзе.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН