Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2008/06/04/234856_234875/
Дата раздрукоўкі: 24.02.2020 21:00
04.06.2008 14:38 Грамадства

Галоўны рэдактар газеты "Новы час" Аляксей Кароль стаў пераможцам Міжнароднага конкурсу журналістаў імя Найта за 2008 год

Мінск, 4 чэрвеня. Галоўны рэдактар беларускай недзяржаўнай газеты "Новы час" Аляксей Кароль стаў пераможцам Міжнароднага конкурсу журналістаў імя Найта за 2008 год. Прэмію Міжнароднага цэнтра журналістаў (ICFJ) таксама атрымаў журналіст з Уганды Фрэнк Ньякаіру.

"Апошнія 15 гадоў Аляксей Кароль падаваў суайчыннікам незалежную інфармацыю, нягледзячы на фізічныя нападкі і моцны ціск з боку дзяржавы, — гаворыцца ў паведамленні ICFJ. — Першая яго газета "Згода" была закрыта рашэннем Вярхоўнага суда Беларусі ў 2006 годзе. У 2007 годзе ён пачаў выдаваць штотыднёвую газету "Новы час", якой таксама даводзіцца нялёгка".

Імёны пераможцаў былі аб'яўлены падчас 61-га Сусветнага газетнага кангрэса 3 чэрвеня ў Гётэборгу (Швецыя). Як зазначыў на цырымоніі старшыня ICFJ Джойс Барнатан, А.Кароль "сімвалізуе апошнюю надзею на свабоду прэсы ў Беларусі".

Уручэнне ўзнагарод адбудзецца 12 лістапада ў Вашынгтоне (ЗША) у прысутнасці 500 прадстаўнікоў СМІ.

Сёлета Міжнародны конкурс журналістаў імя Найта праводзіўся ў дзесяты раз. Яго пераможцамі становяцца журналісты, якія "выказалі выключную вернасць прафесіі і, нягледзячы на вялікія выпрабаванні, захавалі высокія стандарты журналістыкі". Прыз складае тысячу долараў ЗША.

Марына Рахлей, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН