Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2008/07/29/244712_244713/
Дата раздрукоўкі: 25.06.2019 20:40
29.07.2008 22:25 Эканоміка

Дзяржава прадала 80% акцый сотавага аператара "БеСТ" турэцкай кампаніі Turkcell за 600 млн. долараў

Мінск, 29 ліпеня. Найбуйнейшы турэцкі аператар сотавай сувязі кампанія Turkcell набывае 80% акцый ЗАТ "Беларуская сетка тэлекамунікацый"("БеСТ"). 20% застаюцца за беларускім бокам. Адпаведны дагавор падпісаны 29 ліпеня ў Мінску ва ўрадзе Беларусі паміж Дзяржаўным камітэтам па маёмасці як прадаўцом, "Белтэл Тэлекамунікасьён Хізметлеры А.Ш." у якасці пакупніка і "Турксел Ілецішым Хізметлеры А.Ш." у якасці гаранта.

Паводле інфармацыі афіцыйных крыніцаў, умовы заключанай здзелкі прадугледжваюць, што аплата праводзіцца ў тры этапы: 300 млн. долараў будзе выплачана на дату завяршэння здзелкі, якая надыдзе пасля заканчэння 30 дзён з даты падпісання пагаднення, а дадатковыя плацяжы па 100 млн. долараў будуць праведзены адпаведна 31 снежня 2009 і 2010 гадоў. Яшчэ адзін плацеж у памеры 100 млн. долараў будзе зроблены пасля атрымання кампаніяй "БеСТ" станоўчага гадавога даходу.

У інтэрв'ю праграме "Панарама" Першага нацыянальнага канала старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі Мікалай Азаматаў (у падпарадкаванні ДВПК знаходзіцца адзін з заснавальнікаў "БеСТ" — НДІ сродкаў аўтаматызацыі ДНВА "Агат"), каментуючы падпісаны дагавор, паведаміў, што ў сукупнасці беларускі бок за 80% акцый ЗАТ "БеСТ" атрымае 600 млн. долараў. Гэта значыць, зазначыў ён, цяперашняя цана "БеСТ" — 750 млн. долараў. Апрача таго, паводле яго слоў, "Турксел" мае намер дадаткова інвеставаць 400 млн. долараў у развіццё сеткі.

Міністр сувязі і інфарматызацыі Мікалай Панцялей па выніках здзелкі ў гутарцы з журналістамі зазначыў, што рынак мабільнай сувязі ў краіне ўжо амаль падзелены, але рэсурс каля 1 млн. абанентаў яшчэ ёсць. "Але самае галоўнае — ёсць новыя тэхналогіі, трэцяга пакалення, на падыходзе тэхналогіі чацвёртага пакалення. Я думаю, што барацьба павінна быць не за адцягванне абанентаў ад адной кампаніі да другой, а за кошт нарошчвання аб'ёмаў выручкі, выкарыстання найноўшых тэхналогій, сэрвісаў. Мінсувязі ў стане рэгуляваць рынак такім чынам, каб усе кампаніі на беларускім рынку развіваліся ў роўнай канкурэнтнай барацьбе і каб бізнес быў паспяховым", — патлумачыў міністр.

Гендырэктар "Турксела" Мехмет Сюрая Джыліў падкрэсліў: "Мы прыйшлі ў Беларусь для таго, каб інвеставаць, мы прыйшлі як добрыя партнёры і лічым, што рэспубліка мае дастаткова высокі патэнцыял развіцця як у сферы эканомікі, гэтак і ў тэхналогіях. Апрача таго, беларускія спецыялісты валодаюць высокім інтэлектуальным патэнцыялам. З улікам гэтага мы хацелі б зрабіць з "БеСТа" адну з самых лепшых кампаній свету".

ЗАТ "БеСТ" зарэгістравана 5 лістапада 2004 года. Заснавальнікамі выступілі НДІСА ДНВА "Агат" і РУП "Белтэлекам" з долямі ў статутным фондзе 75% і 25% адпаведна. У ліпені 2006 года аператар атрымаў кітайскі крэдыт для стварэння інфраструктуры ў памеры 234 млн. долараў. Яго вяртанне пачнецца ў 2009 годзе і будзе доўжыцца да 2014 года.

Па выніках 2007 года абаненцкая база ЗАТ "БеСТ" склала 181,6 тыс., з іх 119,6 тыс. падключыліся летась. На 1 ліпеня 2008 года абаненцкая база складала 187 тыс. чалавек. У студзені—чэрвені 2008 года аператар падключыў толькі 5,1 тысячы новых абанентаў. Сетка "БеСТ" пакрывае 26,3% тэрыторыі Беларусі, на якой жывуць 68,6% насельніцтва. У сетцы дзейнічаюць 438 базавых станцый.

Turkcell з'яўляецца лідзіруючым GSM-аператарам Турцыі, налічвае 35 млн. абанентаў і займае 57% рынку. Кампанія мае долю ў GSM-аператарах Азербайджана, Грузіі, Казахстана, Малдовы, Паўночнага Кіпра, Украіны.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН