Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2008/10/13/260089_260110/
Дата раздрукоўкі: 16.12.2018 05:25
13.10.2008 20:21 Культура

Галоўную ўзнагароду міжнароднага фестывалю студэнцкіх тэатраў "Тэатральны куфар — 2008" атрымаў тэатр МДУ

Мінск, 13 кастрычніка. Галоўную ўзнагароду міжнароднага фестывалю  студэнцкіх тэатраў "Тэатральны куфар — 2008" — "Прыз глядацкіх сімпатый" — атрымаў студэнцкі тэатр Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта імя Ламаносава за спектакль "Сірано". Як паведамляе прэс-служба Беларускага дзяржаўнага універсітэта, таксама гэты спектакль удастоены спецыяльнага прыза журы.

Міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў "Тэатральны куфар — 2008" у Мінску, арганізатарам якога пяты раз выступіў БДУ, завяршыўся 11 кастрычніка ўрачыстай цырымоніяй узнагароджання яго ўдзельнікаў. Паводле ацэнкі журы на чале з прэзідэнтам Міжнароднай асацыяцыі універсітэцкіх тэатраў Жан-Маркам Лару, тэатр БДУ "На балконе" за спектакль "Жанчыны Бергмана" атрымаў прыз за лепшае інавацыйнае рашэнне. Таксама актрыса тэатра Святлана Латышава ўдастоена прыза за лепшую жаночую ролю, а спектакль гэтага ж тэатра "Зацюканы апостал" узнагароджаны спецыяльным дыпломам "За ўнёсак беларускага тэатра ў сучасны сусветны тэатральны працэс".

Тэатр БДУ "На філфаку" стаў пераможцам інтэрнет-галасавання гледачоў. Актрыса тэатра Марыя Хадзінская атрымала прыз за лепшую жаночую ролю ў спектаклі "Вяртанне да пройдзенага". Спектакль тэатра "Жывое слова" Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка "Апельсiны i падарунак" узнагароджаны прызам за лепшую сцэнаграфію і музычнае афармленне, а яго акцёр Раман Шарапінскі атрымаў прыз за лепшую мужчынскую ролю.

Тэатр з Германіі Event Produktion за спектакль "Бакалаўры сэрцаў" удастоены ўзнагароды за лепшы акцёрскі ансамбль. Актрыса гэтага тэатра Марыяна Граф атрымала прыз за лепшую жаночую ролю другога плана.

Лепшай мужчынскай роллю другога плана прызнана работа Канстанціна Геся ў спектаклі "Чайка" тэатра "7 паверх" Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтва. Уладальнікам узнагароды за лепшую рэжысуру стаў Калеў Куду, які паставіў спектакль "Псіхоз 4.48" у студэнцкім тэатры універсітэта Тарту.

Спецыяльнага дыплома "За выкарыстанне тэатральнага працэсу для перадачы сацыяльнай справядлівасці і правоў чалавека" ўдастоены спектакль "Балерына за калючым дротам" тэатра Das Dokumentartheater Berlin (Германія).

Таццяна Дарашчонак, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН