Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2008/10/28/263175_263197/
Дата раздрукоўкі: 12.12.2018 21:54
28.10.2008 20:45 Беларусь — Eўрасаюз

Высокапастаўлены брытанскі чыноўнік, які забыўся ў цягніку сакрэтныя дакументы, аштрафаваны на 2,5 тысячы фунтаў

Мінск, 28 кастрычніка. Высокапастаўлены брытанскі чыноўнік, які забыўся ў цягніку сакрэтныя дакументы з аналізам дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі "Аль-Каіда", аштрафаваны на 2,5 тысячы фунтаў стэрлінгаў за парушэнне Акта аб дзяржаўных тайнах. Пра гэта, як перадае РІА Новости, гаворыцца ў паведамленні магістрацкага суда лонданскага раёна Вестмінстэр.

Рычард Джэксан, які займаецца ў апараце ўрада Вялікабрытаніі пытаннямі збору разведвальнай інфармацыі, 10 чэрвеня па дарозе на працу выпадкова пакінуў папку з дакументамі ў электрычцы, якая накіроўвалася з Лондана ў графства Сурэй. Аранжавую кардонную папку з дакументамі знайшоў адзін з пасажыраў на сядзенні цягніка і перадаў яе журналістам Бі-бі-сі.

Суд прыйшоў да высновы, што страта дакументаў "патэнцыяльна магла пацягнуць за сабой урон для нацыянальнай бяспекі і знешняй палітыкі Вялікабрытаніі". Р.Джэксан прызнаўся ў судзе, што яму стала "фізічна дрэнна", калі ён выявіў страту дакументаў, якія напярэдадні машынальна забраў дамоў.

Паводле звестак тэлеканала "Скай ньюз", дакументы, што вярнуліся ва ўрад выпадкова, утрымлівалі апісанне структуры арганізацыі "Аль-Каіда" ў Пакістане, а таксама звесткі аб іракскіх службах бяспекі, якія характарызуюць іх не з лепшага боку.

Гэты выпадак не адзіны, калі дакументы з грыфам "зусім сакрэтна" былі знойдзены ў электрычках, зазначае РІА Новости. На наступны дзень пасля таго, як Р.Джэксан згубіў свае дакументы, газеце "Індэпендэнт" перадалі дзяржаўныя паперы, якія тычацца барацьбы з фінансаваннем міжнароднага тэрарызму, гандлем наркотыкамі і адмываннем грошай. Іх знайшлі ў цягніку, што накіроўваўся на лонданскі вакзал Ватэрлоа.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН