Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2008/10/31/263940_263958/
Дата раздрукоўкі: 13.11.2019 03:19
31.10.2008 17:07 Эканоміка, Фінансы

Аляксандр Лукашэнка: У краіне крызісу няма, і ні пра які крызіс гаворка ісці не будзе

Мінск, 31 кастрычніка. "Цяперашні сусветны фінансавы крызіс у некаторай ступені можа быць карысным", — заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з новапрызначанымі кіраўнікамі шэрагу прамысловых прадпрыемстваў 31 кастрычніка.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, сёння А.Лукашэнка даў згоду на прызначэнне Сяргея Сасноўскага генеральным дырэктарам прадпрыемства "Гомельтранснафта "Дружба", Сяргея Пузевіча — генеральным дырэктарам ААТ "Магілёўхімвалакно", Сцяпана Тураўца — генеральным дырэктарам РУП "Граніт", Генадзя Нягоцьку — дырэктарам "Паліграфкамбіната імя Я.Коласа".

Паводле слоў А.Лукашэнкі, крызіс "карысны толькі моцным". "Гэта праверка, экзамен для эканомікі, улады і кіраўнікоў прадпрыемстваў. Калі кіраўнікі чагось вартыя, яны павінны вытрымаць гэты крызіс, — заявіў прэзідэнт. — Я папярэдзіў членаў урада: у краіне няма крызісу, і ні пра які крызіс гаворка ісці не будзе. У эканоміцы важны псіхалагічны фактар, і ніхто не зможа заспакоіць сябе тым, што, маўляў, цяжка, крызіс, значыць, можна знізіць вытворчыя паказчыкі і не плаціць зарплату людзям. Гэта не прымаецца".

Прадпрыемствы, паводле слоў А.Лукашэнкі, павінны не чакаць дапамогі ад дзяржавы, а разлічваць на сябе. "Сёння пад шумок сусветнага крызісу некаторыя кіраўнікі расслабіліся і думаюць, што можна шарварку адрабляць. Бачачы, што ў многіх краінах акумулююцца сродкі і перадаюцца суб'ектам гаспадарання, нашы кіраўнікі думаюць: а чаму б не пажывіцца за кошт нейкіх датацый або бюджэту? Я папярэдзіў ужо міністраў і ўрад: дзяржава не будзе цярпець утрыманскай пазіцыі прадпрыемстваў, незалежна ад іх формы ўласнасці", — падкрэсліў прэзідэнт.

Паводле яго слоў, на працягу месяца ўрад будзе "ўваходзіць у курс справы таго ці іншага прадпрыемства", аднак з 1 снежня прадпрыемствы павінны пачаць вяртанне дапамогі. "Вы павінны будзеце вярнуць дзяржаве, народу тое, што будзе прапанавана вам. У выпадку ўзнікнення некаторых цяжкасцей мы будзем дапамагаць толькі тым прадпрыемствам, якія перадусім разлічваюць на калектыў, уласныя сілы і рэзервы", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Наталля Кароткая, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН