Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2008/11/06/264910_264913/
Дата раздрукоўкі: 28.03.2020 20:00
06.11.2008 12:00 Грамадства

У Астравецкім раёне створаны аргкамітэт грамадскай ініцыятывы "Астравецкая атамная — гэта злачынства"

Мінск, 6 лістапада. Сем жыхароў Астравецкага раёна (Гродзенская вобласць) сфарміравалі аргакамітэт па стварэнні грамадскай ініцыятывы "Астравецкая атамная — гэта злачынства". Аргкамітэт узначаліў індывідуальны прадпрымальнік, былы настаўнік геаграфіі Мікалай Уласевіч.

У звароце аргакамітэта, апублікаваным на сайце www.ucpb.org, выказана заклапочанасць магчымым будаўніцтвам будучай АЭС у Астравецкім раёне.

"Мы заяўляем сваё рашуе "не" гэтаму смяротна небяспечнаму праекту, — падкрэсліваюць аўтары звароту. — Мы не падзяляем неразумнага і безагляднага аптымізму ўсіх тых, хто сёння ўпарта выступае за будаўніцтва АЭС менавіта на тэрыторыі Нарачана-Вілейскага запаведна-рэкрэацыйнага краю, вялікі санаторна-аздараўленчы патэнцыял якога адразу і назаўсёды будзе знішчаны. Мы катэгарычна не жадаем пераўтварэння нашага унікальнага, дзіўнай прыгажосці краю ў яшчэ адну чорную "чарнобыльскую дзірку" на карце Еўропы, дзе будзе адбывацца марудная, але непабежная мутацыя ўсяго жывога".

Члены аргкамітэта зазначаюць, што АЭС "па вызначэнні не можа быць пабудавана ў самай сейсманебяспечнай зоне, якой з'яўляецца Астравецкі раён Гродзенскай вобласці". "Бо менавіта тут у 1909 годзе адбылося самае моцнае землетрасенне на тэрыторыі Беларусі за ўсю гісторыю сейсманазіранняў, сілай 7 балаў, у выніку якога ўтварыўся разлом зямной кары, што сведчыць аб яе крохкасці і сейсманяўстойлівасці ў гэтым месцы", — гаворыцца ў звароце.

Яго аўтары "перакананы, што будаўніцтва АЭС у посчарнобыльскай Беларусі — гэта не проста памылка, а злачынны замысел, які непазбежна прывядзе да яшчэ адной вялікай і непапраўнай бяды, што выходзіць далёка за межы нацыянальных маштабаў".

У сувязі з гэтым члены аргкамітэта звяртаюцца да ўсіх органаў дзяржаўнай улады і грамадзян Беларусі, а таксама да еўрапейскай супольнасці, МАГАТЭ і СМІ з заклікам: "спыніце, пакуль гэта яшчэ не позна, рэалізацыю праекта пад назвай "Астравецкая атамная".

Аўтары звароту заклікаюць грамадзян далучыцца да ініцыятывы "Астравецкая атамная — гэта злачынства".

Нагадаем, Астравецкая пляцоўка названа афіцыйнымі чыноўнікамі найбольш магчымым месцам будаўніцтва першай беларускай АЭС.

Ірына Леўшына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН