Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2008/11/19/267352_267372/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2018 10:31
19.11.2008 19:10 Эканоміка

"Беларуснафта" сумесна з амерыканскай кампаніяй "Радыял Дрылінг" выпрабоўвае новую тэхналогію ўскрыцця пласту на беларускіх радовішчах

Мінск, 19 лістапада. Вытворчае аб'яднанне "Беларуснафта" сумесна з амерыканскай кампаніяй "Радыял Дрылінг" выпрабоўвае новую тэхналогію радыяльнага ўскрыцця пласту.

Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе прадпрыемства, для тэставання новай тэхналогіі выбраны Бярэзінскае і Барысаўскае радовішчы, дзе аперацыі па новай методыцы праводзяцца на чатырох свідравінах. На думку спецыялістаў інстытута "БелНДПІнафта", якія бяруць удзел у гэтых работах, бурэнне радыяльных каналаў на існуючых свідравінах пры адносна невялікіх затратах дазваляе інтэнсіфікаваць здабычу і ўцягваць у распрацоўку цяжказдабывальныя запасы.

"Гаварыць аб перавагах тэхналогіі ва ўмовах Беларусі можна будзе пасля таго, як свідравіны, дзе ствалы створаны радыяльным спосабам, выйдуць на стабільны рэжым работы. А гэта адбудзецца не раней чым праз два-чатыры месяцы", — зазначылі на прадпрыемстве. Тады і будзе прынята рашэнне аб далейшым лёсе тэхналогіі радыяльнага ўскрыцця пласту ў Беларусі.

Даведка БелаПАН. Дзяржаўнае вытворчае аб'яднанне "Беларуснафта" — вядучае нафтавае прадпрыемства ў Беларусі. Было створана ў 1966 годзе, цяпер уваходзіць у склад канцэрна "Белнафтахім". Асноўнымі кірункамі дзейнасці з'яўляюцца здабыча нафты і газу, нафтавы сэрвіс, перапрацоўка вуглевадароднай сыравіны, вытворчая навука, машынабудаванне, рэалізацыя прадуктаў перапрацоўкі нафты і газу ўнутры краіны і за яе межамі. У склад аб'яднання ўваходзяць Беларускі газаперапрацоўчы завод і галіновы інстытут "БелНДПІнафта", 409 аўтазаправачных і 86 аўтагазазаправачных станцый. У распрацоўцы знаходзіцца 40 радовішчаў. Гадавыя аб'ёмы здабычы нафты пачынаючы з 1997 года стабільныя і складаюць каля 1.800 тыс. тон. Здабыча нафты з удзелам ВА "Беларуснафта" ажыццяўляецца таксама ў Венесуэле і Іране.
Наталля Кароткая, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН