Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2009/01/02/275619_by1333/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 10:11
02.01.2009 12:33 Эканоміка, Фінансы

Нацыянальны банк павысіў афіцыйны курс долара на 20,5%

Мінск, 5 студзеня. Нацыянальны банк Беларусі з 2 студзеня павысіў афіцыйны курс долара на 20,45% — з 2.200 да 2.650 рублёў.

У апублікаванай на сайце Нацбанка заяве "Аб курсавой палітыцы ў 2009 годзе" гаворыцца, што з 2 студзеня Нацбанк пераходзіць да выкарыстання механізму прывязкі курсу беларускага рубля да кошыка замежных валют.

У склад кошыка ўключаны долар ЗША, еўра і расійскі рубель з роўнымі долямі гэтых валют у кошыку.

Пачатковы рублёвы кошт кошыка валют вызначаны на ўзроўні 960 беларускіх рублёў, што адпавядае велічыні двухбаковых абменных курсаў, якія яго ствараюць: 2.650 беларускіх рублёў за 1 долар ЗША, 3.703 беларускія рублі за еўра і 90,16 беларускага рубля за расійскі рубель.

На працягу 2009 года прадугледжана абмяжоўваць ваганні кошту кошыка ў межах +/- 5% ад згаданай пачатковай велічыні.

Пры гэтым ваганні курсу беларускага рубля ў дачыненні да кожнай з валют (долар ЗША, еўра і расійскі рубель) будуць адбывацца "толькі за кошт узаемных змяненняў гэтых замежных валют".

Выбраны ўзровень рублёвага кошту кошыка "забяспечвае высокую канкурэнтаздольнасць беларускай эканомікі, што асабліва важна ва ўмовах сусветнага эканамічнага крызісу, і гарантуе ўстойлівасць новага рэжыму курсаўтварэння, уключаючы адсутнасць неабходнасці дадатковых карэкціровак курсу на працяглую перспектыву".

Увядзенне згаданага механізму курсаўтварэння "дазволіць больш эфектыўна кіраваць курсам нацыянальнай валюты ў дачыненні да замежных валют, які мае асноўнае значэнне для знешнеэканамічнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь, і павысіць устойлівасць эканомікі да ўздзеяння знешніх фактараў".

"Істотную ролю ў забеспячэнні стабільнасці нацыянальнай валюты адыграе павелічэнне дзяржаўных золатавалютных рэзерваў, якое чакаецца ўжо ў студзені 2009 года за кошт паступлення першай часткі крэдыту Міжнароднага валютнага фонду ў памеры больш як 800 млн. долараў ЗША. Агульны аб`ём гэтага крэдыту складае 2,5 млрд. долараў ЗША", — гаворыцца ў паведамленні Нацбанка.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, дэвальвацыя рубля была адной з умоў выдзялення крэдыту МВФ.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239