Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2009/01/22/279333_279363/
Дата раздрукоўкі: 21.07.2019 05:40
22.01.2009 18:15 Грамадства, Культура

Створаны грамадскі аргкамітэт святкавання 1000-годдзя назвы Літва пад старшынствам прафесара Анатоля Грыцкевіча

Мінск, 22 студзеня. У Беларусі створаны грамадскі аргкамітэт святкавання 1000-годдзя назвы Літва пад старшынствам доктара гістарычных навук прафесара Анатоля Грыцкевіча. Пра гэта паведаміў БелаПАН намеснік старшыні аргкамітэта мастак і грамадскі дзеяч Мікола Купава.

Паводле яго слоў, у аргкамітэт "Міленіум Літвы" ўвайшлі пісьменніца Вольга Іпатава, доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч, доктар медыцынскіх навук Алесь Астроўскі, доктар біялагічных навук Аляксей Мікуліч, археолаг Эдвард Зайкоўскі, мастак і грамадскі дзеяч Аляксей Марачкін, святар Леанід Акаловіч і даследчык Здзіслаў Сіцько.

Сярод мерапрыемстваў, запланаваных аргкамітэтам сёлета, М.Купава назваў падрыхтоўку публікацый і кніг, правядзенне міжнароднай навуковай канферэнцыі і нацыянальнай мастацкай выставы, конкурсу дзіцячага малюнка і музычных канцэртаў, а таксама рэгіянальных святаў у населеных пунктах, у тапонімах якіх прысутнічае слова "Літва" і вытворныя ад яго.

У адозве аргкамітэта паведамляецца, што першае згадванне назвы Літва (Litua) у пісьмовых крыніцах — нямецкіх Кведлінбургскіх аналах — адносіцца да 1009 года. Аўтары адозвы зазначаюць, што назва Літва адносіцца да старажытнай тэрыторыі Беларусі, а цяперашнія беларусы да пачатку XX стагоддзя называлі сябе літвінамі.

"Тэрміны Беларусь і беларусы навязаныя нам расійскай адміністрацыяй у сярэдзіне XIX стагоддзя. Беларусь з'яўляецца галоўнай пераемніцай Вялікага княства Літоўскага. Нашы землі складалі вялікую частку ВКЛ. Менавіта на нашых землях і паўстала вялікая дзяржава ВКЛ, якая аб'яднала ў XV стагоддзі асобныя княствы-землі, у тым ліку Наваградскае, Полацкае, Смаленскае, Турава-Пінскае і Гродзенскае", — гаворыцца ў адозве.

Яе аўтары нагадваюць, што ў беларускіх тапонімах і этнонімах захаваліся назва Літва і корань "літ", старабеларуская мова мела статус дзяржаўнай у ВКЛ, а ў першай яе сталіцы — Наваградку — у 1253 годзе каранаваўся першы кароль Міндоўг.

Ад асобы аргкамітэта М.Купава запрасіў вучоных, дзеячаў культуры і мастацтва да стварэння музычных, мастацкіх і літаратурных твораў, прысвечаных юбілею, а ўсіх, хто пажадае, — да ўдзелу ў агульнанацыянальнай асветнай і культуралагічнай акцыі.

Адрасы і тэлефоны для кантактаў: п/с 26, 220050, Мінск; lacinski@interia.pl; 8(029) 306-33-17, 551-32-36 і 352-60-10.

Марат Гаравы, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН