Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2009/02/03/281876_281877/
Дата раздрукоўкі: 23.04.2019 11:05
03.02.2009 20:40 Палітыка

Паводле вынікаў пасяджэння ВДС у Маскве падпісана 11 дакументаў

Мінск, 3 лютага. Паводле вынікаў пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, якое прайшло 3 лютага ў Маскве, падпісана 11 дакументаў.
Як паведамляе прэс-служба Крамля, бакі падпісалі:

- Пагадненне паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь аб сумеснай ахове знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы і стварэнні Адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны Расіі і Беларусі;

- Пратакол аб абмене граматамі аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь аб забеспячэнні роўных правоў грамадзян Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь на свабоду перамяшчэння, выбар месца знаходжання і жыхарства на тэрыторыях дзяржаў — удзельніц Саюзнай дзяржавы;

- Пастанову аб мерах па пераадоленні ўплыву сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу на эканомікі Расіі і Беларусі;

- Пастанову аб Праграме ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі на 2008—2009 гады;

- Пастанову аб паглыбленні супрацоўніцтва ў ваеннай і ваенна-тэхнічнай сферах;

- Дэкрэт аб бюджэце Саюзнай дзяржавы на 2009 год;

- Пастанову аб справаздачы Савета міністраў Саюзнай дзяржавы аб выкананні бюджэту Саюзнай дзяржавы за 2006 год;

- Дэкрэт аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Дэкрэт Вышэйшага дзяржсавета "Аб бюджэце Саюзнай дзяржавы на 2008 г.";

- Пастанову аб ходзе выканання Канцэпцыі сацыяльнага развіцця Саюзнай дзяржавы да 2010 года;

- Пастанову аб выніках гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў 2007 годзе і першым паўгоддзі 2008 года;

- Пастанову аб прапановах па праекце Плана працы Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы на 2009 год.

Памочнік прэзідэнта Расіі Сяргей Прыходзька заявіў пасля пасяджэння ВДС, што Расія і Беларусь распрацавалі план сумесных дзеянняў па ўвядзенні адзінай валюты — рубля. Паводле слоў С.Прыходзькі, якія прыводзіць агенцтва Прайм-ТАСС, план разлічаны на адзін год. Пры гэтым ён зазначыў, што "не варта забягаць наперад і ставіць тэрміны ўвядзення адзінай валюты".

Перад пачаткам сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым у вузкім фармаце Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Мы сёння поўныя рашучасці прыняць кардынальныя для нас рашэнні: у сферы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, абароннай прасторы, у сферы эканомікі, фінансаў, у галіне развіцця вашай ідэі надання рублю статусу рэгіянальнай валюты. Я ўпэўнены, што мы яшчэ прапрацуем і пасля нашай сустрэчы гэтае пытанне. Сапраўды, нават расійскія спецыялісты кажуць, што першым крокам можа быць увядзенне адзінай валюты. Я думаю, добра, што мы паставілі гэтае пытанне на парадак дня".

У пасяджэнні ўзялі ўдзел члены ВДС (прэзідэнты, прэм'ер-міністры, старшыні ніжніх і верхніх палат парламентаў дзвюх краін), а таксама па 16 запрошаных службовых асобаў з абодвух бакоў (першыя віцэ-прэм'еры, міністры, кіраўнікі цэнтральных банкаў і інш.) і дзевяць прадстаўнікоў Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН