Беларуская аўдыторыя сацыяльнай сеткі Vkontakte.ru перасягнула мільённую мяжу
Мінск, 16 лютага. Беларуская аўдыторыя сацыяльнай сеткі Vkontakte.ru у студзені 2009 года перасягнула мільённую мяжу.
Як паведамляецца ў прэс-рэлізе агенцтва RG media, паводле звестак незалежнай сістэмы кіравання рэкламай AdRiver, за першы месяц гэтага года сайт Vkontakte.ru наведалі больш як 1 млн. унікальных карыстальнікаў з Беларусі. Параўнальныя звесткі тыднёвай і месячнай аўдыторыі сайта паказалі, што каля 40% карыстальнікаў наведваюць сайт не радзей як раз на тыдзень.
Аналітыкі адзначаюць тэндэнцыю сталення карыстальнікаў гэтага сэрвісу, які з самага пачатку быў папулярным сярод больш маладой аўдыторыі. З кастрычніка 2008-га па студзень 2009 года колькасць наведнікаў сайта ва ўзросце ад 25 і больш гадоў узрасла на 60% і склала 110.000 чалавек у месяц. Гэтыя даныя ўлічваюць толькі карыстальнікаў, якія ўказалі на сайце свае ўзроставыя звесткі.
Даведка БелаПАН. "У Кантакце" — сацыяльная сетка, расійскі аналаг сэрвісу Facebook, адзін з самых наведваных сайтаў Расіі, Украіны, Казахстана і Беларусі. Сайт першапачаткова пазіцыянаваў сябе ў якасці сацыяльнай сеткі студэнтаў і выпускнікоў расійскіх вышэйшых навучальных устаноў, пазней — як універсальны спосаб сувязі для ўсіх сацыяльных груп і ўзростаў.
Селінгавае агенцтва RG media з'яўляецца афіцыйным партнёрам па продажы рэкламы на сайце Vkontakte.ru на тэрыторыі Беларусі. У партфель медыярэсурсаў, што прадаюцца RG media на тэрыторыі Беларусі, уваходзяць таксама папулярны блог-хостынг LiveJournal, рэкламны сэрвіс Frontline і найбуйнейшая ў Байнеце рэкламная сетка "Чырвоная Банерная".